На гэтым тыдні на лесагаспадарчым факультэце БДТУ ідзе абарона дыпломных праектаў і работ. Якія тэмы распрацоўваюць будучыя лесаводы і чым яны могуць быць карысны для лясной галіны, даведаўся наш карэспандэнт, папрысутнічаўшы на пасяджэнні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі.
У гэты дзень свае дыпломныя работы і праекты абаранялі 10 студэнтаў спецыяльнасці «лясная гаспадарка», а старшынёй камісіі быў генеральны дырэктар Мінскага ДВЛГА Сяргей Мацюшэўскі. У сваёй уступнай прамове ён адзначыў высокі ўзровень прафесарска-выкладчыцкага скла- ду факультэта, які традыцыйна рыхтуе высакакласных спецыялістаў для лясной галіны. Перад кожнай абаронай спачатку зачытвалася характарыстыка на студэнта, дзе акрэслівалася кола яго навуковых інтарэсаў і якую ролю ён адыгрываў у жыцці факультэта. Трэба адзначыць, што ўвогуле ўсё было вельмі добра арганізавана. З дапамогай мультымедыйных прылад студэнты наглядна дэманстравалі свае статыстычныя даныя, табліцы і схемы, атрыманыя высновы.
— У гэтым годзе выпускнікі парадавалі цікавымі тэмамі, дарэчы ўзгодненымі з Міністэрствам лясной гаспадаркі, і нестандартным падыходам па іх раскрыцці, — падкрэслівае дэкан лесагаспадарчага факультэта Алег Марозаў. — Мяркую, іх даследаванні будуць карыснымі для лясной галіны краіны, бо шмат дыпломных праектаў і работ было выканана непасрэдна па заказу лясгасаў, дзе студэнты праходзілі практыку і куды яны былі размеркаваныя яшчэ ў красавіку 2013 года.
Студэнтка Алена Півень абараняла сваю дыпломную работу першай. Упэўненасць у сваіх ведах і глыбокі аналіз праблемы ўсыхання ясенніка ў Пастаўскім лясгасе дапамаглі ёй атрымаць «восем»:
— Гэта праблема стаіць сёння досыць востра для нашай краіны. Ясень характарызуецца вельмі каштоўнай драўнінай, і яго, на жаль, не так ужо і шмат у нас. Дарэчы, з масавым усыханнем ясеннікаў ужо сутыкнуліся некаторыя еўрапейскія краіны. Асноўная прычына гэтага, якую я падрыбязна разгледзела ў сваім праекце, — халаравы некроз. Гэта новае захворванне, але яму таксама садзейнічаюць каранёвыя гнілі, неспрыяльныя экалагічныя фактары — вятры, засухі, залішняя вільгаць глебы і г. д.
У хуткім часе Алена паедзе па размеркаванні ў Пастаўскі лясгас:
— Сама я з Гомеля. Але ў час вучобы сустрэла сваю другую палавінку і выйшла замуж. Мой муж Зміцер, як і я, будучы інжынер лясной гаспадаркі. Вось на яго малую радзіму — у Пастаўскі раён мы і паедзем хутка працаваць. Шкада развітвацца з роднай альма-матар, мне вельмі падабалася тут вучыцца. Я ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. Планую працаваць у лясгасе і паралельна развіваць сваю навуковую дзейнасць, так бы мовіць, гарманічна спалучыць тэорыю з практыкай. Заўважым, што ДЭК рэкамендавала Алену на навуковую работу.
Адзінае, што зараз турбуе Алену і Зміцера, — гэта пошук жылля:
— У невялікіх гарадах з гэтым ёсць пэўныя цяжкасці. У Пастаўскім лясгасе — дастойныя заробкі і добры калектыў. У гэтым я ўпэўнілася яшчэ ў час праходжання практыкі, шкада, што трэба шукаць жыллё самастойна. Але няма невырашальных праблем: хто шукае — абавязкова знаходзіць!
Будучы інжынер лясной гаспадаркі Аляксандр Буй абараняе свой дыпломны праект у адзін з наступных дзён, але спецыяльна прыйшоў падтрымаць сваіх аднакурснікаў на пасяджэнне камісіі:
— Я з сям’і лесаводаў. Бацька — ляснічы Горкаўскага лясніцтва Старадарожскага доследнага лясгаса, а маці працуе там начальнікам гадавальніка. Дзякуючы ім я ўжо з дзяцінства многа цікавага ведаў пра лясную гаспадарку і палюбіў яе. На лесагаспадарчы факультэт паступіў па мэтавым накіраванні. Таму і працаваць буду ў Старадарожскім доследным лясгасе, дома. З жыллём, зразумела, клопатаў не будзе. Але я прагну самастойнасці, таму не выключаю, што буду яго потым шукаць.
Сваю дыпломную работу Аляксандр прысвяціў рацыянальнаму выкарыстанню дзярнова-падзолістых глеб у Горкаўскім лясніцтве Старадарожскага доследнага лясгаса:
— Хачу быць карысным для сваё малой радзімы. Спадзяюся, мая праца прынясе тут плён.
Комментарии
Оставить комментарий0 Комментариев