У Полацкім лясным каледжы на спецыяльнасці «паляўнічая гаспадарка» навучаюцца не толькі хлопцы

У Полацкім лясным каледжы на спецыяльнасці «паляўнічая гаспадарка» навучаюцца не толькі хлопцы

Шлях у прафесію

Арына САНДОВІЧ, Фота Аляксандра ПІСКУНОВА
03.04.2014 Версия для печати

Гэта пацвярджаюць студэнты спецыяльнасці «паляўнічая гаспадарка» фiлiяла ўстановы адукацыi БДТУ УА «Полацкi дзяржаўны лясны каледж», на якой навучаюцца дзве дзяўчыны.

Студэнты спецыяльнасці «паляўнічая гаспадарка». фота

Як вядома, такі перспектыўны напрамак, як паляўнічы турызм, зараз інтэнсіўна развіваецца ў Беларусі, з-за чаго з’яўляецца дадатковая патрэба ў адпаведных спецыялістах. Таму нядзіўна, што ў верасні мінулага года ў Полацкім лясным каледжы была адкрыта новая спецыяльнасць «паляўнічая гаспадарка». Зараз на ёй навучаецца сямнаццаць хлопцаў і, што самае цікавае, дзве дзяўчыны.

— Хай вас гэта не здзіўляе, — усміхаецца дырэктар каледжа Святлана Шэрман. — У нас няма ніякіх гендарных абмежаванняў. Калі чалавеку падабаецца гэтая справа, дык чаму ён павінен ад яе адмаўляцца? Нашым дзяўчынкам з дзяцінства падабаўся лес і яго насельнікі, таму яны мэтанакіравана выбралі для сябе гэтую спецыяльнасць. Наогул, усе нашы будучыя паляўніцтвазнаўцы з сельскай мясцовасці, а дакладней, з Віцебшчыны. Не можа не радаваць і тое, што нашы будучыя паляўніцтвазнаўцы вельмі жвавыя студэнты — прымаюць актыўны ўдзел і ў грамадскім, і ў спартыўным жыцці каледжа. 

На жаль, на першы набор не ўдалося набраць запланаваную колькасць студэнтаў: толькі 19 з 25.

— Паколькі ў нас засталося шэсць вольных месцаў, мы будзем у гэтым годзе рабіць дадатковы набор і залічваць адразу на другі курс тых, хто мае сярэднюю адукацыю. У верасні мы не змаглі выканаць план прыёму, бо спецыяльнасць толькі-толькі адкрывалася і не ўсе патэнцыяльныя абітурыенты пра яе ведалі, — працягвае Святлана Міхайлаўна. — Але цяпер ужо можна дакладна сказаць, што наша спецыяльнасць будзе запатрабаванай, бо ёй вельмі цікавяцца як навучэнцы школ, так і нашы заказчыкі — лясгасы, ДВЛГА, РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». 

Зараз будучыя паляўніцтвазнаўцы вывучаюць агульнаадукацыйныя дысцыпліны, а ўжо з наступнага навучальнага года пачнуць спасцігаць  непасрэдна і прафесійныя.

— Мы вельмі ўдзячны кафедры «Паляўніцтвазнаўства» лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта і Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў за тую дапамогу, якую яны нам аказваюць па складанні вучэбна-праграмнай дакументацыі, і цэнныя парады па пытаннях, якія ў нас узнікаюць, — адзначыла Святлана Міхайлаўна.  
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: