Літаратурная вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча

Літаратурная вандроўка па мясцінах Уладзіміра Караткевіча

След на зямлі

Фото автора, Алена СТЭЛЬМАХ
08.09.2016 Версия для печати


У першыя выхадныя верасня затрубіў знакаміты рагачоўскі рог аб зборы на свята. Сёлета Дзень беларускага пісьменства адбыўся на слыннай Рагачоўшчыне.

Стыхія вады і магія лесу

Адзінокая лава, дзе калісьці добра думалася Ул. Караткевічу. фото

Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі — Рагачоў — квітнее новымі фарбамі. Шматлікія госці прыехалі сюды з розных куткоў Беларусі і з дальняга замежжа. На свята ў першую чаргу запрошаны менавіта тыя майстры мастацкага слова, хто працягвае лепшыя традыцыі беларускага пісьменства.

Рагачоў — дваццаць другі па ліку ў Беларусі горад, якому ў час свята пісьменства пашчасціла пабыць у ролі культурнай сталіцы. У яго свая, поўная інтрыгуючых артэфактаў гісторыя, здольная захапіць сівой даўніной, звязанай перш за ўсё з найбольш старажытным паселішчам на тэрыторыі Беларусі. Людзі, як вядома, часцей за ўсё сяліліся па берагах рэк, да якіх падступалі лясы.
Шмат у рагачоўскіх нетрах захавана рэшткаў былых эпох — унікальных знаходак, сведак былых часоў. Сучаснікі выношваюць думку стварыць у гэтых мясцінах археалагічны нацыянальны парк — важкі доказ спрадвечнай людской прыхільнасці да прыдатнага Прыдняпроўскага краю.

Стыхія вады і магія лясных нетраў мацавалі жыццё, разам з тым станавіліся і крыніцай пісьменства, рэчышча якога пашырылася праз стагоддзі. Сярод літаратараў, якія ў той альбо іншай ступені мелі дачыненне да краю, — Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў, Міхаіл Расолаў.

Прыемна, што дырэктар Рагачоўскага лясгаса Павел Дземянцей ведае не толькі ўсе прафесійныя характарыстыкі тутэйшых лясоў, іншых прыродных славутасцей, ён цікавіцца і тым, як яны ўвайшлі ў літаратуру. Вось па такім незвычайным творчым маршруце разам з Паўлам Анатольевічам адпраўляемся ў падарожжа, каб па-свойму перажыць колішнія ўражанні перш за ўсё класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Ён вельмі прыхільна ставіўся да жыцця простага люду, быў роўным і паміж леснікоў, і паміж рыбакоў. Таму і змог вобразна, па-мастацку стварыць захапляльныя творы.

На Палацавай гары

Прыступкі вядуць да Палацавай гары, у сотні метраў ад якой Днепр зліваецца з Друццю, утвараючы рог. фото

Як вядома, Уладзімір Караткевіч нарадзіўся ў Оршы, у Рагачове жыў яго дзед Васіль Грынкевіч. Дзед у свой час даслужыўся да губернскага казначэя, быў і адукаваным, і апантаным чалавекам. Ён захапіў цікаўнага ўнука казкамі, легендамі, паданнямі, якіх багата блукала па Прыдняпроўі...

Найперш рухаемся да Палацавай гары — так званага гістарычнага цэнтра Рагачова. Тут, на Палацавай гары, стаіць волат-камень з гэткім жа ёмкім надпісам: «Отсюди есть пошел город Рогачев в лето 1142 года», што дае гораду поўнае права ганарыцца сваім шаноўным узростам. Але гэта толькі адна красамоўная цаглінка з падмурка Палацавай гары.

З гэтым месцам пэўным чынам звязана паходжанне назвы горада. Тут Дняпро перажывае хвалюючыя імгненні свайго жаніхоўства. Праз некалькі соцень метраў злучыцца ён у абдымках з жаданай Друццю, памножаць яны свае сілы, поўныя кахання і згоды пакоцяць магутныя хвалі далей — у далёкі нязведаны свет.

Дзве ракі ўтвараюць своеасаблівы рог. У старажытнасці «рогас» — алтар, святое месца, сімвалічна прыкмечанае далёкімі прашчурамі і замацаванае не толькі ў назве гарода, але і ўзятае за аснову яго герба. Жоўты колер герба таксама з прыродных вытокаў. Традыцыйны занятак тутэйшага люду — бортніцтва, пчалярства. Рагачоўскі мёд спрадвеку нават у далёкім замежжы быў у цане.

Палацавай гара стала невыпадкова. Збудаванне тут з’явілася дзякуючы каралеве польскай і вялікай княгіне літоўскай Боне Сфорцы ў пачатку XVI стагоддзя. Летапісы сведчаць, што ўзводзілі яго італьянскія майстры. Палац размяшчаўся ў цэнтры традыцыйных драўляных палацавых збудаванняў. На той час ён з’яўляўся цэнтрам свецкага культурнага жыцця. У канцы XVII стагоддзя нядобразычлівы час пашкодзіў палац часткова, апошнія яго рэшткі зніклі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы паэме Уладзіміра Караткевіча «Зямля дзядоў» можна даведацца, якімі былі руіны таго выбітнага збудавання…

Да грушы на паклон

З крутых дняпроўскіх берагоў адкрываюцца дзівосныя далягляды. Гайсане адсюль стрымгалоў гаманкое рэха, адгукнецца сярод кудлатых вербалозін, паскача па пярэстых лугах, не праміне вусатыя збожжавыя палеткі ды неўпрыкметку сцішыцца паміж вершалін стромкіх сосен, тых самых, што шэпчуцца з цікаўнымі хмаркамі.

Але адзіны ўладар над усім ён, бацька-Дняпро. І па нораве яго плыні няцяжка згадаць: рахманы ён, песціць сваю дзятву, шуткуе з ёй ці сярдуе, злуе, і тады — беражыся гневу бацькавай папругі. Яна, тая магутная рачная плынь, то лагодна-вясёлая, свеціцца бы лапата з хлебам, выплыўшым з печы да святочнага стала. То бацька грозна натапырыць цьмяныя грабяні-бровы, раздуе белай пенай бурлівыя шчокі. Трымайце адхоны-берагі не маючую літасці буру!

Уладзімір Караткевіч доўга выношваў у сабе ідэю стварэння вялікага празаічнага твора пра асобу Кастуся Каліноўскага і трагічнае паўстанне 1863 года. Такога па размаху рамана — шырыні ахопу вызначанай гістарычнай эпохі — яшчэ не было ў беларускай літаратуры.

7 жніўня 1959 года Уладзімір Сямёнавіч апынуўся на беразе Дняпра ля вёскі Азярышча, убачыў старую грушу — ён «натрапіў» на пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім».

І мы 7 жніўня (трэба ж такому быць!) 2016 года стаім з Паўлам Дземянцеем на тым жа месцы. Прыходзяць на памяць радкі з рамана: «Плыве і плыве вялікая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалі міма заток, пушчаў і буславых гнёздаў. А калі нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей і далей, да апошняга, далёкага мора…» Ці асэнсоўваў аўтар у той момант, што піша і пра сябе…
Адзінока стаіць парэпаная лава, тая самая, аблюбаваная пісьменнікам. Мроіліся яму тут мастацкія вобразы, стаўшыя класічнымі. Як, напрыклад, тая самая груша. Яна, даўно злізаная Дняп­ром, увекавечана ў помніку.

— На гэтым месцы спрабавалі садзіць грушы нанава, — звяртае маю ўвагу Павел Анатольевіч, — не прыжываюцца, чэзнуць…

У Кісцянёўскім парку

Далей шлях ляжыць у Кісцянёўскі парк. У тутэйшых мясцінах разварочваюцца падзеі аповесці Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда». Парк сапраўды незвычайны. Ён з’яўляецца часткай вялікай сядзібы, якая склалася ў маёнтку землеўладальніка Элермана напрыканцы XVIII — у першай палове XIX стагоддзя. Парк знаходзіўся на правай тэрасе Дняпра, займаў шэсць гектараў, выцягнуты паміж ракою і цэнтральнай каштанава-елкавай алеяй. За алеяй размя­шчаліся сады, аранжарэйная гаспадарка, вінакурня і дзягцярны завод, гаспадарчы двор.

Дрэвы-волаты — дубы, лістоўніца, таполі прыцягваюць сваімі растапыранымі галінамі-лапамі да сябе. Як жа многа яны ведаюць! Эх, каб маглі гаварыць!

Павел Дземянцей звяртае асаблівую ўвагу на зробленыя ў парку земляныя тэрасы. Каб уратавацца ад разбуральных наступстваў Дняпра, сяляне ўручную капалі абарончыя прыступкі.

— Такога цуда нідзе болей няма, — упэўнівае мяне ўсхваляваны дырэктар.

А яшчэ амаль закінуты Кісцянёўскі парк упрыгожваюць вытанчаная карэта, уваход на эстраду. Пры дапамозе міжнароднай дабрачыннай арганізацыі спрабавалі падтрымаць гэта ўнікальнае гістарычнае і прыроднае месца. На большае, відавочна, сілы не хапіла. Шкада…

Літаратурны турызм

Тое самае месца ля вёскі Азярышча, дзе на беразе Дняпра расла груша, якую 7 жніўня 1959 года ўбачыў Ул. Караткевіч і нарэшце пачаў пісаць даўно задуманы раман «Каласы пад сярпом тваім». Здымак зроблены 7 жніўня 2016 года. фото

Павел Дземянцей расказвае пра тое, што турызм — тэма для лясгаса перспектыўная. Літаральна некалькі тыдняў таму з Інстытута лесу НАН Беларусі перадалі два распарацаваныя турыстычныя маршруты, у якія уваходзяць і гістарычныя, і прыродныя аб’екты.

Хочацца пацвердзіць, што і той самы, літаратурны — па сцяжынах Уладзіміра Караткевіча, выклікаў у мяне вялікае захапленне. Думаю, такому падарожжу пазайздросцяць многія, знойдуцца аматары пабываць у тых мясцінах, дзе ўзрушвалася сэрца знакамітага творцы.

А ў мінулыя выхадныя ўсіх да сябе запрашаў Рагачоў. Старажытны горад, магчыма, нечым падобны да слыннага снежна-белага ў сваёй кужэльнай вопратцы дзеда-музыкі — героя знакамітых «Каласоў пад сярпом тваім», такіх дарагіх самому класіку беларускай літаратуры сваёй рагачоўскай рэчаіснасцю.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: