Стратонік Лях: «У жыцці я кіраваўся сумленнем»

Стратонік Лях: «У жыцці я кіраваўся сумленнем»

След на зямлі

Алена ГАНУЛІЧ
10.03.2016 Версия для печати

Жыццё, як хуткаплынная рака, сваім вірлівым цячэннем зводзіла і з кіраўнікамі, і з простымі людзьмі, агаляла берагі, часам не самыя чыстыя і прыгожыя, людской існасці, але заўсёды я заставаўся Чалавекам і памятаў бацькаў наказ: ва ўсіх справах кіруйся сумленнем…

Тры кіраўнікі ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Стратонік Іванавіч ЛЯХ, Аляксандр Іванавіч БУЙ і Рыгор Мечыслававіч ДОЛГІ. фота

За сваё жыццё я пабудаваў не адзін дом, выгадаваў разам з любімай жонкай двух сыноў і дачку, разбіў сад… А колькі лесу пасадзіў! Пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць «зялёныя» гектары… і пражытыя гады. Але хутка і незаўважна падкралася сямідзесяціпяцігоддзе.

Дзяцінства

Нарадзіўся я 27 студзеня 1941 года на хутары Хільмоны Дзятлаўскага раёна. Зараз няма той хаткі, дзе я і мае пяцёра братоў і сястра зрабілі свае першыя крокі, прамовілі на матчынай мове першыя словы… Засталіся на пагосце толькі прод­кі і хуткаплынная рачушка Маўчатка, воды якой памятаюць маё далёкае дзяцінства.

Дзед Мацвей, католік па веравызнанні, прыйшоў у прымы да праваслаўнай — так род Ляхаў стаў праваслаўным. З часам дзядуля набыў млын і 35 гектараў зямлі, збожжа прывозілі малоць з усёй акругі.

Мае бацькі, Іван Мацвеевіч і Сцефаніда Ільінічна, былі з сялян: не кулакі, але і не батракі, як раней казалі — сераднякі.

Калі пачалася вайна, тата супрацоўнічаў з партызанамі, дапамагала змагацца з немцамі і ўся наша сям’я. Старэйшы брат, Барыс, быў сувязным, а мама кожны тыдзень пякла да пяцідзесяці кілаграмаў хлеба. Памятаю, калі да нас прыходзілі партызаны, накрываўся стол, абавязкова даставалася бутэлька, а адзін партызан, дзядзька Косця, жвава іграў на баяне.

Мне было тры-чатыры гадкі, калі я моцна перапужаўся. Мама пайшла на агарод і наказала мне сядзець на печы. А хто ж усядзіць у такім узросце? Не паспеў я адчыніць акно, як моцна загудзелі самалёты, напэўна, гэта савецкія лётчыкі бамбілі ля рэчкі калабарацыяністаў. А мне здавалася: хвіліна — і яны заляцяць проста ў нашу хату. Я хацеў злезці з акна, каб бегчы да мамы на агарод, але, бядак, зваліўся і расплакаўся, а ў вушах грукатаў гэты гул самалётаў.

Мае «ўніверсітэты»

У тыя часы амаль у кожнай вёсцы былі пачатковыя школы. Спасцігаць навуку я хадзіў за два кіламетры ад нашага хутара — у вёску Серафіны. Школа размяшчалася ў звычайнай вясковай хаце. Пасля была Норцавічская сямігодка…

Я марыў стаць мараком, у крайнім выпадку — лётчыкам. Мне здавалася, што сапраўдны мужчына павінен пакараць нябёсы ці марскія прасторы, што галоўнае ў жыцці — гэта прыгоды і рамантыка.

Прыёмная камісія марскога вучылішча не раздзяліла майго юначага імпэту, па здароўі — сваю чорную справу зрабілі хранічныя ангіны — мяне не дапусцілі нават да ўступных іспытаў. Я пайшоў вучыцца ў 8-ы клас Ахонаўскай школы, якую скончыў у 1958 годзе.

Якраз у гэты час выйшаў хрушчоўскі загад: толькі дзесяць працэнтаў учарашніх школьнікаў маглі атрымаць вышэйшую адукацыю, астатнія павінны былі спачатку адслужыць у арміі ці адпрацаваць два гады. Я вырашыў паступаць у політэхнічны інстытут: сачыненне ўпершыню ў жыцці напісаў на выдатна, а вось фізіку здаў на траяк. Мяне не залічылі: не хапіла балаў.

Што заставалася рабіць? Вядома, працаваць. Не сядзець жа склаўшы рукі. Якраз у гэты час аб’явілі Усесаюзнай будоўляй цяперашні «Нафтан» у Полацку. Разам з братам Георгіем і яго сябрам Та­дзікам па камсамольскіх пуцёўках мы паехалі на будоўлю. А якая ў нас спецыяльнасць? Рознарабочыя. Але сялянскі сын умеў усё: і пілу ў руках трымаць, і з сякерай упраўляцца. Днём уручную капалі вялізныя катлаваны, а ноччу вывозілі грунт. Ніхто не скардзіўся. Цяжка працавалі, але было весела. Кожны вечар на танцавальнай пляцоўцы збіралася моладзь: танцавалі, жартавалі...

Праз некаторы час брат паехаў вучыцца на верхалаза ў Мінск, а нам з Та­дзікам прапанавалі перайсці на буравыя работы. Тут плацілі значна больш: калі ­ляснічы, да прыкладу, атрымліваў 700 руб­лёў, то я штомесяц меў 2,5 тысячы. Грошы стараўся эканоміць і адкладваць. Бацькі былі ў гадах, таму разлічваць даводзілася на сябе. Але ад мары атрымаць вышэйшую адукацыю я не адмаўляўся ні на хвіліну. Хлопцы часам смяяліся з таго, што з сабой важу кніжкі па хіміі, фізіцы і матэматыцы. Гітара таксама заўсёды была са мной.

Праца мне падабалася, таму я вырашыў паступаць у Львоўскі ўніверсітэт на факультэт геолага-разведвальнага бу­рэння. Калі аб гэтым даведаўся наш прараб, то стаў адгаворваць мяне:

— Я б не раіў табе. Паслухай, бу­дзеш бадзяцца па ўсім Савецкім Саюзе — ні жонкі не ўбачыш, ні дзяцей… Табе гэта трэба? — прыпыніўся на хвіліну і працягнуў: — А дзе ты нарадзіўся?

— Такія мясціны цудоўныя, — адказваю яму, а перад вачамі паўстае родная хата, да якой з розных бакоў туліцца лес. — І рыба ў нашых рэчках водзіцца, а ягадаў і грыбоў — не злічыць!

— Ідзі ў лясны! — параіў мне прараб. — Будзеш з прыродай, да якой ты прывык з дзяцінства, і з сям’ёй.

Хто б мог падумаць, што гэтая выпадковая размова стане для мяне лёсавызначальнай і што я ніколі ў жыцці не пашкадую пра свой выбар.

Назаўтра з раніцы я паехаў у Мінск паступаць у лесатэхнічны інстытут імя Кірава. Стрыечны брат Юрый, кандыдат медыцынскіх навук, прытуліў мяне і вы­дзеліў асобны пакойчык, дзе я суткамі напралёт рыхтаваўся да экзаменаў. Бачучы маю цягу да навукі, ён нават прапанаваў мне ісці да іх, у медыцынскі, але мяне ўжо ніхто не мог прымусіць адмовіцца ад лясной гаспадаркі.

На іспытах у лесагаспадарчым інстытуце адзін з усіх абітурыентаў здаваў экзамены па-беларуску, бо вучыўся ў беларускамоўнай школе. Нават некалькі разоў перапытваў у членаў камісіі, ці правільна я зразумеў тое ці іншае пытанне. Памылка мне б дорага каштавала: я так доўга ішоў да вучобы ў інстытуце! Пасля здачы ўступных іспытаў — па фізіцы я, дарэчы, атрымаў цвёрдую пяцёрку — паехаў дадому. А 29 жніўня атрымаў ліст з доўгачаканым «залічаны». Колькі радасці было — словамі не перадаць!

Аднак перш чым ехаць на вучобу, трэба было трапіць у Віцебск, каб канчаткова звольніцца і забраць некаторыя рэчы. Хлопцы, з якімі працаваў, навіну ўспрынялі добра, казалі, што я — адзіны рабочы, хто паступіў у інстытут. Яны мелі рацыю, бо кантынгент на будоўлі — вядома, што не ўсе, — быў не самы добранадзейны.

З Віцебска ў Мінск упершыню ў жыцці ляцеў на самалёце. Страх з дзяцінства, калі мне здавалася, што самалёты ля­цяць на нашу хату, знік канчаткова.

Пакой у інтэрнаце я не атрымаў, таму на першым курсе даводзілася зды­маць кватэру. Я імкнуўся добра вучыцца, каб атрымаць стыпендыю.

З красавіка па верасень мы былі заняты на лесагаспадарчых работах, а з другога курса ездзілі ў лесаўпарадкавальныя экспедыцыі. У час іх, дарэчы, можна было добра падзарабіць, але і папацець даво­дзілася. Часам з прамерам з вымяральнай стужкай у руках праходзілі больш чым 20 кіламетраў за дзень.

На чацвёртым курсе я пайшоў на прак­тыку ў Гродзенскі лясгас, у многіх лясніцтвах якога мне даводзілася бываць неаднойчы. А ў снежні 1965-га я на выдатна абараніў дыпломны праект, таму ў спісе на размеркаванне быў пятым.

Дарога да прафесіяналізму

Праўду кажуць, што шляхі Гасподнія неспазнаныя. Мяне размеркавалі ў Сабалянскае лясніцтва — адзінае ў Гродзенскім лясгасе, дзе мне не даводзілася бываць у час вучобы. Калі б ведаў, што там робіцца, напэўна, папрасіўся б на пераразмеркаванне… Адным словам, не люб­лю я безгаспадарчасці.

18 студзеня 1966 года стаў ляснічым Сабалянскага лясніцтва. А справа, скажу шчыра, няпростая: давялося пады­маць яго з нуля. Неяк пайшоў знаёміцца да старшыні мясцовага калгаса — раней такая завядзёнка была. Зайшоў у бухгалтэрыю — і прапаў: дзяўчо сядзіць, прыгожае-прыгожае, з доўгай светлай касой. Закахаўся! Вось і не вер у каханне з першага погляду.

Вясной з Сабінай мы пабраліся шлю­бам. Сёлета ў красавіку будзем адзначаць залаты юбілей сумеснага жыцця: на працягу паўвека жывём душа ў душу. Яна ў мяне і жонка, і сяброўка, і лепшы дарадца.

Мая мама моцна прасіла ў Бога, каб паслаў мне добрую жонку. Відаць, мела перад Усявышнім пэўную ласку: такую прыгажуню і гаспадыню я сабе знайшоў! Я заўсёды быў спакойны за дзяцей і гаспадарку, ведаў, што мая Сабіна ўсіх даглядзіць і ўсюды ў яе будзе лад і парадак.

У 1968 годзе мне прапанавалі ўзначаліць Вензавецкае лясніцтва Дзятлаўскага лясгаса. Я згадзіўся, бо блізка знаходзілася школа, а ў нас з Сабінай Іосіфаўнай на той час ужо было двое дзетак: дачушка Наташа і сынок Саша. А ў 1972 годзе нарадзіўся Юра. Неўзабаве да нас пераехала жыць і мая мама…

У 1972 годзе мне прапанавалі стаць галоўным ляснічым у Ваўкавыскім лясгасе, але я адмовіўся. А ў 1976 годзе лёс прывёў нашу сям’ю на Астравеччыну. З тагачасным дырэктарам Астравецкага лясгаса Аляксандрам Іванавічам Буем мы разам вучыліся ў інстытуце і на працягу чатырох гадоў жылі ў адным пакоі. Нашы погляды на жыццё і прафесію ў многім супадалі.

У 1990 годзе Бую прапанавалі ўзначаліць Гродзенскае лесагаспадарчае аб’яднанне, а мяне прызначылі дырэктарам Астравецкага лясгаса. Давялося дабудоўваць дрэваапрацоўчы цэх, узво­дзіць сучасныя майстэрні… Шмат чаго было зроблена за гады маёй працы на Астравеччыне.

Усё жыццё, на якіх пасадах я ні працаваў, заўсёды памятаў бацькавы словы: «Сынок, табе будзе даверана вялікае багацце — лес. Беражы яго і кіруйся сваім сумленнем. Сярод Ляхаў ніколі не было злодзеяў. Памятай: будзеш працаваць — будзеш мець і дабрабыт».

На Дзень работнікаў лесу ў 2002 годзе я пайшоў на заслужаны адпачынак. Некаторыя кіраўнікі «ўрастаюць» у свае крэслы на жыццё, а я разумеў: прыйдзе час, калі трэба будзе саступіць дарогу мола­дзі, больш разумнай і таленавітай, чым яе папярэднікі.

Я чуў пра Рыгора Мечыслававіча Долгага як пра прафесіянала і чалавека, які любіць сваю справу і мае багаты багаж ведаў і вопыту ў лесагаспадарчай галіне. Я рады, што менавіта такі чалавек з’яўляецца дырэктарам Астравецкага лясгаса.

Столькі зроблена пад яго кіраўніцтвам: пабудаваны новыя сучасныя адміністрацыйныя будынкі ў лясніцтвах, пашыраны рынкі экспарту прадукцыі, а галоўнае — Рыгор Мечыслававіч аб’яднаў каля сябе такіх жа, як і ён, прафесіяналаў, людзей, якія любяць сваю справу.

З вышыні (ці глыбіні?) сваіх гадоў магу сказаць, што лясная гаспадарка жыве і развіваецца і кіраўніцтва дзяржавы на­дае вялікую ўвагу экалагічнаму складніку і чысціні, а гаспадарлівасць пастаўлена ў ранг прыярытэтных.

Я веру, што будучае нашай краіны — за лясной гаспадаркай і валавы ўнутраны прадукт Беларусі некалі дасягне ўзроўню перадавых Скандынаўскіх краін: Швецыі і Фінляндыі…

Бо, па вялікім рахунку, пры правільным вядзенні лясной гаспадаркі магчыма бясконцае лесакарыстанне.

Захапленні

Кажуць, для таго каб спазнаць чалавека, варта даведацца пра яго захапленні. А іх у мяне тры: паляванне, рыбалка і пчалярства.

Мой дзядзька быў заядлым паляўнічым, таму, што такое ружжо, я ведаю з дзяцінства. Жанчыне складана зразумець, што такое паляванне, ген якога закладзены ў кожнага мужчыну з першабытных часоў.

На паляванні ўсе роўныя: і партыйныя работнікі, і акадэмікі… З многімі лю­дзьмі яно мяне зводзіла па жыцці. А колькі цікавых выпадкаў здаралася! Аднойчы палявалі на лася. Шмат сахатага, які цэлымі гектарамі знішчаў маладыя пасадкі, развялося ў тыя часы, таму план яго адстрэлу толькі на наш лясгас складаў 20 асобін.

У час палявання трапна стрэлілі ў лася, а ён упаў і рогі адваліліся. Паляўнічыя жартавалі: хацеў адкупіцца, але, бядак, не паспеў…

Галоўнае на паляванні — не хвалявацца, спакойна сустрэць звера і трапным стрэлам забіць яго або, калі няма гарантыі пацэліць, адпусціць: хай ён лепш пойдзе жывым, чым будзе мучыцца.

У лютым звычайна закрывалася паляванне, і я пераключаўся на рыбалку. І зараз люблю ставіць жарліцы з сцяжкамі на шчупака.

Ну і, канешне, не ўяўляю свайго жыцця без ціхага палявання. Летась неаднойчы па поўным кошыку грыбоў з Сабінай прыносілі.

Памятаю, калі працаваў у Вензавецкім лясніцтве, быў адзін выпадак: трапілася з жонкай нам такая паляна, што словамі цяжка перадаць: грыб пры грыбе — і ўсе з чорнымі галовамі. Брат, які гасцяваў у нас, не паверыў, што самі назбіралі, казаў, што мне леснікі, пэўна, назбіралі такіх адборных і крамяных белых грыбоў…

З выхадам на заслужаны адпачынак выдалася больш часу на пчол. Пчолы ў мяне былі заўсёды: два-чатыры вуллі, таму мёду хапала для нашай сям’і. І зараз трымаю цэлую пасеку — сам змайстраваў трыццаць вулляў, а пчолкі-руплівіцы шчодра аддзячваюць салодкім мядком за клопат…

Шкада толькі, што жыццё не заўсёды салодкае. Няўмольны лёс забраў у росквіце сіл сына Сашу — раптоўна, нечакана, без папярэджання і прадвеснікаў, але пакінуў мне ўспаміны і працяг роду Ляхаў: у мяне — шасцёра ўнукаў і адна ўнучка…

Часта ў снах бачу раку свайго дзяцінства, у водах якой я, вясковы хлопчык, неаднойчы купаўся разам з сябрамі… Маўчатка, ты можаш ганарыцца мной: я выканаў бацькаў наказ і ніколі не здрадзіў свайму сумленню.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: