Ветэранская арганізацыя Бярэзінскага лясгаса — адна з буйнейшых у горадзе

Ветэранская арганізацыя Бярэзінскага лясгаса — адна з буйнейшых у горадзе

Сувязь пакаленняў

Ала АЛЬФЕР, Фота аўтара
14.01.2016 Версия для печати

Мяркуючы па колькасці членаў, пярвічная ветэранская арганізацыя ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» — адна з буйнейшых у горадзе. І па рабоце, як сведчаць факты, — адна з найбольш актыўных. Леанід Зайцаў, які калісьці разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віталіем Умінскім ствараў арганізацыю і потым нязменна яе ўзначальваў, пастаянна падтрымлівае сувязь з родным калектывам. Не толькі пытанні ветэранаў узнімае, але і цікавіцца справамі лясгаса, вынікамі работы. Заўсёды з гонарам расказвае пра перамогі сваіх калег.

Ветэранская арганізацыя Бярэзінскага лясгаса — адна з буйнейшых у горадзе. фота

Таму і ў дакладзе аб сваёй рабоце на справаздачна-выбарчым сходзе Леанід Ціханавіч таксама не мог не адзначыць тую станоўчую работу, якая вядзецца ў лясгасе: гэта датычыць і лесагаспадарчых спраў, і вытворчай дзейнасці. Тое, што Бярэзінскі лясгас утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і ў рэспубліцы, — гонар для былых работнікаў. І яны, ветэраны, ніколі не былі забытыя ў сваім калектыве: атрымліваюць дапамогу да прафесійнага свята і Дня пажылых людзей, маюць магчымасць набываць дровы з 20-працэнтнай скідкай. Ветэранам і вязням Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І групы, якія працавалі ў лясгасе, дровы прадастаўляюць бясплатна, з 50-працэнтнай скідкай — інвалідам ІІ групы. Няма пытанняў з выдзяленнем пенсіянерам коней для апрацоўкі прысядзібных участкаў. Узгадваю, як для ўсіх жадаючых ветэранаў была наладжана экскурсія ў паляўнічы комплекс «Вязычын». Не пакідае калектыў лясгаса сем’і былых работнікаў без увагі і дапамогі і ў цяжкія хвіліны.

Леанід Зайцаў выказаў прапанову абавязкова друкаваць спачуванні ў раённай газеце. Прапанаваў таксама набыць у лясгас дрывакол, каб пажылыя людзі маглі купляць ужо гатовае паліва.

На жаль, па словах дырэктара ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» Сяргея Чэмкі, такое абсталяванне не з танных, да таго ж значна вырасце цана на дровы. Больш таго, зараз ёсць магчымасць набываць гатовыя дровы з дзяржаўнай падтрымкай у філіяле Мінаблпаліва.

А вось прапанова аб тым, каб аказваць дапамогу да свят пенсіянерам, якія адпрацавалі ў лясгасе 10 і больш гадоў (раней было 20 і больш гадоў), была прынята адразу, як і некаторыя іншыя пажаданні.

Здавалася б, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, пенсіянеры адышлі ад спраў вытворчых. Аднак на сходзе ў лясгасе гэта было цалкам абвергнута. Па меркаваннях у час выступленняў адчувалася, што былыя работнікі да гэтага часу хвалююцца за справы ў сваім калектыве. Былы майстар Багушэвіцкага лясніцтва Валянцін Уладзіміравіч Макарэвіч нават выказваў прапановы па ўдасканаленні пэўнага віду работ.

Час не стаіць на месцы, мяняюцца і тэхналогіі. Таму і прапанаваў дырэктар знаёміць з імі ветэранаў арганізацыі, працягваючы наладжваць экскурсіі на аб’екты лясгаса. Выказваў ­Сяргей Уладзіміравіч і іншыя меркаванні наконт работы. Галоўнае, што іх аб’ядноўвала: па-першае, сённяшнія работнікі і ветэраны — адно цэлае, па-другое, у любой справе павінен быць рух, у тым ліку і ў дзейнасці ветэранскай арганізацыі. Кіраўнік у чарговы раз запрасіў былых работнікаў прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія наладжваюцца ў лясгасе, у тым ліку ў спартыўных, у конкурсах мастацкай самадзейнасці, ва ўрачыстасцях з нагоды прафесійнага свята, якія ўжо сталі традыцыйнымі. У наступным годзе ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» адзначыць 80-годдзе з дня стварэння, гэта таксама добрая нагода, каб сабрацца ўсім разам.

— Калісьці вы працавалі на стварэнне, памнажэнне зробленага раней, — адзначыў дырэктар. — Такая ж задача сёння стаіць і перад намі. Значыць, паміж намі існуе непарыўная сувязь.

Намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Віталь Умінскі, які ў сваёй рабоце нямала ўвагі ўдзяляе ветэранам, выказаў пажаданне, каб і ў лясніцтвах таксама пастаянна трымалі ў полі зроку патрэбы сваіх былых работнікаў.

Усе выказаныя прапановы ўзяў на ўзбраенне новы склад савета ветэранаў лясгаса. Высока ацаніўшы работу былога «штаба» і шчыра падзякаваўшы за актыўную работу Леаніду Ціханавічу Зайцаву, члены ветэранскай арганізацыі новым старшынёй выбралі Таццяну Леанідаўну Повараву, намеснікам старшыні — Кацярыну Мікалаеўну Кушнер, сакратаром — Валянціну Іванаўну Саскавец.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: