Лясныя чарадзеі

Лясныя чарадзеі

Свет захапленняў

Фота аўтара, Станіслаў ЛУКАШЭВІЧ
11.08.2022 Версия для печати

Мы часта шукаем сустрэч з творчымі людзьмі на вялікіх выставах, у мастацкіх музеях, на старонках кніг альбо модных папулярных часопісаў. І разам з тым у мітусні клопатаў паўсядзённага жыцця не заўсёды заўважаем незвычайных людзей, якія жывуць побач з намі і якіх мы сустракаем на вуліцах, у магазінах ці іншых грамадскіх месцах нашага горада. І калі выпадкова сутыкнешся са справамі кагосьці з іх, толькі тады пачынаеш разумець, што побач с табой жыве такі цікавы чалавек, а ты гэтага не ведаў. 

Вось таму я і вырашыў расказаць чытачам пра такіх неардынарных людзей нашага горада Асіповічы, якіх па праву можна назваць ляснымі чарадзеямі. 

З іх творчасцю таксама сустрэўся выпадкова. І як нядзіўна, не ў музеі, не ў мастацкай галерэі, а ў лесе. 

Аднойчы, ратуючыся ад крыўд і няўдач нашага мітуслівага жыцця, я накіраваўся да свайго зялёнага сябра — лесу. Непадалёку ад рачулкі Трубінка, у невялікай дзялянцы, натыкнуўся на незвычайную галерэю. Ад такой нечаканасці я спачатку здранцвеў. Перада мной на пнях паўсталі каменныя эквілібрысты, якія цудам трымаліся адзін на адным, утвараючы піраміды. Здзіўляла тое, як гэтыя няўстойлівыя збудаванні з камянёў няправільнай формы без падгонкі і цэменту незразумела як трымаюцца адзін на адным так, што нават моцны буран, які непадалёку павыварочваў магутныя дрэвы, не змог разбурыць іх. 

Побач, гледзячы на гэты цуд, ад здзіўлення акамянеў на пні заяц. Непадалёку з рэдкага хмызняку выглядвалі галава лася і многа іншых фігурак казачных герояў. 

А дамінаваў над усім гэтым чароўным царствам лесавік, які ганарліва сядзеў на сваім фатэлі, нібы на троне. 

Ад усяго гэтага мне падалося, што я праз нейкі невядомы партал цудам перанёсся ў касмічную прастору лясной казкі, энергетыка якой ахінула мяне і стала пранікаць ва ўсе лукавіны маёй душы. Захацелася ва ўсю моц закрычаць і пазваць людзей, каб падзяліцца з імі сваімі ўражаннямі. Каб яны таксама падсілкаваліся незвычайнай энергіяй, якую падарыў людзям невядомы мастак. 

Калі вяртаўся дадому, на душы было лёгка і радасна. Ва ўсім целе адчуваўся новы прыліў сіл. 

Нечакана ў лесапарку, які прымыкае да вуліцы Сташкевіча, я натыкнуўся на вялікае кастрышча, вакол якога валяліся смецце і пустыя бутэлькі. І раптам, як жалезам па шклу, мне па сэрцу паласнула жудаснае відовішча — абпалены ствол сасны і чорная пляма кастрышча каля яго. Стала вельмі балюча ад аднаго ўяўлення: якія мучэнні прышлося перажыць гэтай прыгажуні ад нелюдзя, які дзеля забавы полымем катаваў яе. А яна ж упрыгожвае нашу зямлю і дорыць усім нам цалебнае паветра. На душу зноў пачаў апускацца змрок. 

І тады мне вельмі захацелася знайсці і бліжэй пазнаёміцца з нашым асіповіцкім чарадзеем, які з таго, што валяецца ў нас пад нагамі, стварае такія цудоўныя творы, ад якіх зыходзяць святло і цяпло, якія радуюць вочы і саграваюць душу. 

Аказалася, што такія мастацкія творы ў лесе стварае не адзін чалавек, а сумесна трое сяброў-асіпаўчан: Анатоль Ільюшчыц, Аляксандр Дораш і Аляксей Барташ. Ім яны займаюцца ўжо больш трох гадоў, і асобныя экспазіцыі гэтых лясных чарадзеяў можна сустрэць у лясах амаль кожнага лясніцтва Асіповіцкага раёна. Я пацікавіўся, чаму яны не размясцілі трубінскую галерэю бліжэй да горада. Напрыклад, у тым жа лесапарку, які прымыкае да вуліцы Сташкевіча. На што Анатоль Ільюшчыц адказаў, што яны баяцца нягоднікаў, якія могуць апаганіць яе ці раскрасці. Так ужо неаднойчы іх творы, да якіх быў добры пад’езд, кудысьці знікалі. «А мы ж паўсюль сабіралі гэтыя камяні і ў рукзаках на веласіпедах за некалькі кіламетраў дастаўлялі іх у лес». 

Пасля такога тлумачэння Анатоля мне зноў успомніліся чорная пляма кастрышча, прыгажуня-сасна з абпаленым ствалом і радкі нядаўна прачытанага верша: «Віно ці воцат, пыл ці порах. Жыццё ці звон, смоўж ці пчала…» 

Вельмі прыкра, што не толькі ў жывёльным свеце, а і сярод людзей яшчэ сустракаюцца асобы, падобныя смаўжам і саранчы. 

Чэрствасць і лютасць да жывёльнага і расліннага свету спараджае гэтыя якасьці ў людзей адзін да аднаго. 

Разам з гэтым падумалася, што не такія ўжо і дрэнныя справы ў нас на Асіпоўшчыне, калі сярод яе жыхароў сустракаюцца вось такія дзівакі — лясныя чарадзеі, якія бескарысліва ўпрыгожваюць наша жыццё і дораць людзям светлыя пачуцці сваёй, на першы погляд, немудрагелістай творчасцю. На жаль, Аляксандр Дораш ужо сышоў у іншы свет, але яго душа прадаўжае жыць у яго творах. 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: