Брус
Калі я гляджу на гэты свет, то бачу, апроч усяго іншага, простыя рэчы. Тыя рэчы, без якіх жыць немагчыма, але пры гэтым яны настолькі звыклыя, што мы амаль не звяртаем на iх увагі.
А дарэмна, бо простыя рэчы не толькі неабходныя для нашага існавання, але і надзвычай цікавыя. Адной з іх з’яўляецца звычайны драўляны брус. Нават у нашы часы панавання металу і бетону брус — рэч звышважная, разам з дошкамі гэта самы запатрабаваны від піламатэрыялаў. З выгляду брус і сапраўды просты, і робіцца цяпер ён элементарна.
Бярэцца бервяно, абразаецца з чатырох бакоў на пілараме — і ўсё, замест круглага бервяна маеш квадратны (ці простакутны) брус. Але не тое было некалі.
Трэба выбраць
Любы драўляны выраб пачынаецца з выбару, валкі і дастаўкі дрэва, і справа гэта зусім не лёгкая. Тут я мушу параўнаць тое, што ёсць цяпер, і тое, што было даўней.
Яшчэ ў падручніках па дрэваапрацоўцы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пісалі, што ліставыя пароды дрэў валяцца ўлетку, а хваёвыя — узімку. Цяпер жа на гэта ўвагі асабліва не звяртаюць — валяць у любую пару. Таксама не звяртаюць увагі, у адрозненне ад нашых продкаў, на фазы месяца. Раней лічылася, што хваёвыя дрэвы абавязкова трэба валіць на поўню, бо менавіта тады яны найбольш насычаныя жывіцай.
Пра жывіцу, зрэшты, асобная гаворка. Вось, напрыклад, як У. Караткевіч у рамане «Каласы пад сярпом тваім» апісвае працэс падрыхтоўкі дрэва да валкі:
— Ён што вам падсунуў? І дзе вашы вочы былі? Яны тоўстыя, але ж гэта сяменнікі, пераспелыя. Яны як вата. Набрыняе вадой, падгніе. Ён каго падмануць надумаў? Якія бярвенні патрэбны, ану?
Аконам муляецца. Мужыкі з прыхаванымі ўсмешачкамі назіраюць за галавамыйкай.
— З зімы…
— Што з зімы?
— З вясны, то бок…
— Што?
— Перацягваюць жывое дрэва тростам туга, каб за лета яно… мацнейшае…
— Чаму?
— Смалой набрыняе… А ўзімку секчы.
— Вось. Смалой набрыняе. Жоўтае, аж звініць. Не гніе… Вось якія бярвенні падай.
Цяпер жа, калі вы ходзіце па лесе, можаце пабачыць на елках і хвоях адмысловыя засечкі. Праз гэтыя засечкі з дрэва збіраюць жывіцу, пасля чаго яно ўнутры становiцца пустое. Часта валяць яго менавіта пасля такога збору, каб атрымаць падвойную выгаду. Але такія несмалістыя дрэвы даўней выкарыстоўваліся хіба што на дровы, бо трываласці ў іх няма ніякай і гніюць хутка. Вядома, што цяперашняя хімія — фарбы, прапіткі — праблему вырашае, але ў нашых продкаў такога не было.
Не было таксама ў iх патрэбы валіць агулам усе дрэвы на дзялянцы, як гэта робяць зараз. Малады лес пакідалі, і не з вялікага клопату аб прыродзе і экалогіі, а з прычыны таго, што нявыгадна. Навошта марнаваць сілы і час на незапатрабаваны тавар? Вось і выбіралі толькі дарослыя, сталыя дрэвы. Калі ж нейкаму гаспадару трэба было займець пару жэрдак, дык ён сам браў сякеру і ішоў у лес.
Важнай справай з’яўляецца і выбар пароды дрэва. Калі мы кажам пра брус, дык тут выбар быў невялікі — дуб ці хваіна. Роўны, высокі і тоўсты дуб — рэч рэдкая, ды і апрацоўваць яго цяжка, таму ішоў ён толькі на дарагія будынкі — замкі, палацы, шляхецкія сядзібы. А вось хвоя — самае тое. Дрэва надзвычай распаўсюджанае, у пераважнай большасці роўнае, ды і сучкоў амаль няма. Таму калі гаспадару трэба было выбраць дрэва на брус, ён звычайна выбіраў менавіта хвою. Знаходзіў, аглядаў, пастукваў па ёй абушком, прыслухоўваючыся да гуку, а потым, папляваўшы на рукі, рабіў першы замах.
Пара валіць
Цяпер валка дрэва — працэс вельмі высокатэхналагічны. Адна машына, на якой працуе адзін аператар: і дрэва валіць, і сучкі абразае, і хлыст рэжа на бярвёны, прычым на адно дрэва траціцца мо хвіліна часу. А даўней па ўсім свеце валілі лес пры дапамозе сякеры — секлі. Вядома, можна і двухручнай пілой (той, што ў народзе называюць «Дружба-2»), але такія пілы шырока выкарыстоўваць для валкі пачалі толькі ў ХІХ стагоддзі. З чым гэта звязана — не ведаю. Пілы вядомыя чалавецтву прынамсі з часоў Старажытнага Егіпта, але ўжываліся заўсёды для працы даволі тонкай. Для такой грубай, як валка, была сякера. Ды і, шчыра кажучы, сякерай часта паваліць дрэва займае ці не меней часу, чым спілаваць.
А вось сама тэхніка валкі не змянілася з... нават не ведаю якіх часоў. Справа ў тым, што дрэва трэба паваліць дакладна ў неабходны бок, і для гэтага выкарыстоўваюць просты прыём: робіцца засечка (ці запіл) на траціну ці на палову таўшчыні камля, пасля чаго пачынаюць сячы з супрацьлеглага боку і трохі вышэй. І дрэва кладзецца роўна ў бок першай, ніжэйшай, засечкі.
Пасля таго як дрэва павалена, з яго абсякаюць сукі (прычым выключна ўверх па ствале), пілуюць (ці сякуць) на бярвёны і дастаўляюць на месца. Праўда, трэба ўлічваць, што бервяно — рэч важкая, і часта было прасцей апрацаваць яго на месцы і толькі потым цягнуць туды, дзе яно будзе выкарыстоўвацца. І апрацоўка гэта праводзілася пры дапамозе ніткі, сякеры і склюда.
Робім брус
Якія да бруса ёсць галоўныя патрабаванні? Каб грані былі роўныя ды каб вугал паміж імі складаў дзевяноста градусаў. Вядома, што для таго, хто з дрэвам працуе, галоўным кантрольна-вымяральным інструментам з’яўляецца вока, але толькі вока часта недастаткова. Дзеля таго, каб стварыць нармальны брус, трэба на бервяне, часта вельмі няроўным, правесці роўную лінію. І рабілася гэта так: бралі тоўстую нітку, добра нашмароўвалі яе вугалем або крэйдай (ці выкарыстоўвалі спецыяльную шнуроўніцу), потым нітку замацоўвалі па разметцы з двух бакоў бервяна, адцягвалі яе ўгару і адпускалі. Нітка рабіла «шлёп» і пакідала на бервяне чорны ці белы след — вельмі роўны і вельмі добра бачны.
Дзве лініі паказвалі, якую частку бервяна трэба счасаць, каб выйшла першая грань. А часалі наступным чынам: па ўсёй даўжыні бервяна праз невялікую адлегласць рабілі засечкі на неабходную (пазначаную лініямі) глыбіню. Бервяно станавілася нібыта «зубастым», і гэтыя «зубы» потым сколвалі. Такі спосаб, па-першае, палягчаў працэс, а па-другое, не даваў дрэву калоцца на большую, чым трэба, глыбіню.
Калі грань была больш-менш зроблена, надыходзіла пара склюда. Склюд — гэта такая спецыфічная сякера з вялікім лязом, якое з аднаго боку роўнае, пляскатае, з ручкай, загнутай у бок скошанай часткі ляза. Рабіўся склюд такім, каб часаць роўна, гладка і пры гэтым каб можна было нармальна трымаць яго і не пашкодзіць рукі.
Цікава, што склюд — рэч вядомая як у нас, так і на захадзе ад Беларусі. Маецца ён у палякаў, немцаў, англічан. А вось у расiйскіх крыніцах і згадкі пра яго няма. Чаму — не ведаю, тэхналогіі першапачатковай дрэваапрацоўкі былі аднолькавыя ледзь не па ўсім свеце.
Што далей?
А далей усё было проста. Бярэш брус дый выкарыстоўваеш. Праўда, можна яго было пакласці на годзік недзе пад застрэшкам, каб высах, але часта ў гэтым не было вялікай патрэбы. Сушаць дрэва дзеля таго, каб яно менш «гуляла» і не трэскалася, але гэта больш важна для сталяркі. У цяслярцы такі падыход быў не настолькі істотны. Ну пагуляе трохі і што? Ды i патрэскаецца — няма бяды. Трымаць усё адно будзе.
Ужываліся брусы ў даўнія часы ў асноўным на столевыя і падлогавыя перакрыцці. Цяпер, з прычыны лёгкасці вырабу бруса і адпаведнага памяншэння яго цаны, ён выкарыстоўваецца значна шырэй — нават цалкам дамы з бруса складаюцца. Калі вы заходзіце ў старую хату, сядзібу ці замак, дык можаце падняць галаву і пабачыць вялікі, абчасаны ўручную брус, які стагоддзямі трымае столь над чалавекам.
Комментарии
Оставить комментарий0 Комментариев