І нават у войску ён служыў… у лесе!

І нават у войску ён служыў… у лесе!

Твои люди, лес!

Святлана АДАМОВІЧ, Фота з архіва лясгаса
31.03.2022 Версия для печати

Так склалася, што Раман Ясюкевіч з Лагойшчыны зусім не марыў у дзяцінстве звязаць сваё жыццё з лесам. І ўсё ж дзесьці падсвядома рухаўся ў гэтым кірунку. І зараз ён — памочнік ляснічага Іванаўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса. І ў яго на гэта, як спяваецца ў вядомай песні, пяць прычын. А яшчэ Раман — двойчы малады спецыяліст! І такое бывае. Але аб усім па парадку. 

Ужо з першых слоў тэлефоннай размовы Раман пакарыў мяне сваёй выдатнай беларускай мовай! Далейшыя ж асабістыя стасункі толькі пацвердзілі: у маладога чалавека багаты слоўнікавы запас і абсалютна нязмушанае валоданне роднай мовай. Адкуль?! 

— З сям’і, — прыязна ўсміхаецца мой субяседнік. — А найбольш — са школы. У сям’і ўсе размаўляюць па-беларуску, бо вёска ж, а школа, адпаведна, беларускамоўная. 

Зрэшты, школа таксама паспрыяла таму, каб Раман Ясюкевіч вырашыў пасля яе заканчэння абраць лясную спецыяльнасць. Па-першае, аднойчы, калі ў 10-м кла се ўжо распачаўся навучальны год, лесаводы звярнуліся да навучальнай установы з просьбай дапамагчы пасадзіць лес. І Раману відавочна гэтая справа спадабалася. Па-другое, падчас вучобы ў школе, калі ён спрабаваў пісаць вершы, адзін з іх прысвяціў лесу. Праўда, зараз тэкст сам малады чалавек знайсці не можа. Але спадзяецца, што дзесьці ў школе ён захоўваецца. Да таго ж, прыгадвае, верш друкавалі ў лагойскай раённай газеце «Родны край». Значыць, пры жаданні знайсці ў архіве яго можна… 

Ну і, нарэшце, выдатна спрацавала ў 11-м класе прафарыентацыя. Спецыяліст з Лагойскага лясгаса хораша распавяла аб прафесіі, звазіла ўсіх ахвотных на экскурсію ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт… І вось ужо Раман Ясюкевіч — студэнт, практыкант, а затым і малады спецыяліст Чэрвеньскага лясгаса. 

Што ж тычыцца астатніх з пяці прычын, каб абраць такі шлях, дык гэта знаёмства з прадстаўнікамі лясной прафесіі, а таксама шмат лясоў у роднай мясцовасці, куды з татам хадзіў у грыбы, а з мамай — у ягады. 

Заўсёды захаплялася хлопцамі і мужчынамі, якія не супраць збіраць ягады, умеюць гэта рабіць, а галоўнае — робяць! У нашай сям’і, хаця і не звязанай з лесам, такія навыкі і ў таты, і ў брата. А Раман Ясюкевіч, нягледзячы на тое, што ўжо выйшаў са школьнага ўзросту, і зараз не супраць пазбіраць ягад — чарніц, журавін… 

Скончыўшы БДТУ ў 2020-м і атрымаўшы кваліфікацыю інжынера лясной гаспадаркі, малады спецыяліст быў прыняты на працу памочнікам ляснічага Іванаўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса. Шчыра прызнаецца, што хаця і быў на практыцы ў Негарэльскім вучэбна-вопытным лясгасе, а потым у Чэрвеньскім лясніцтве аднайменнага лясгаса, але ўсё роўна ўяўленні і рэальная праца адрозніваліся, як неба і зямля. 

І не паспеў Раман асвоіцца на сваім першым працоўным месцы, як яго прызвалі на службу ў войска! 

— А вы хацелі служыць?! — цікаўлюся. 

— На той момант у мяне была такая думка: «Лепей зараз, чым пасля», — дзе ліцца малады чалавек. — Я не баяўся службы. Падсвядома разумеў, што мяне прызавуць, таму не імкнуўся як-небудзь гэтаму перашкаджаць. 

Паглядзеўшы, што прызыўнік — работнік лясной гаспадаркі, яго накіравалі… практычна ў лес! Раман Ясюкевіч стаў паг ранічнікам, а служба праходзіла на паг ранзаставе «Глыбоцкае» Гомельскай вобласці. 

Падчас службы малады чалавек таксама зарэкаменда ваў сябе добра. І нават атрымаў ганаровы значок «100 вы хадаў на ахову дзяржаўнай мяжы» (на мове арыгінала). А яго, па словах Рамана, уручалі далёка не кожнаму. 

Там жа, у лесе, амаль штодня ён назіраў за дзікімі жывёламі. Трапляліся ў поле зроку дзікі, казулі, зайцы, лісы, ваўкі… У тым ліку і тыя, што прыходзілі «ў госці» з украінскага боку. І ў прыборы начнога бачання за імі таксама назіралі. 

І не хацелася б, кажа Раман, з кім- небудзь з іх сутыкнуцца асабіста, тым больш ноччу. Дзякуй Богу, такіх сустрэч не было. А вось таварышы па службе расказвалі, што даводзілася сігнальнымі ракетамі адпуж ваць. Што ж тычыцца жывёл з чэрвеньскіх лясоў, дык з імі, усміхаецца мой суразмоўца, таксама пакуль незнаёмы. 

Адслужыўшы год, Раман Ясюкевіч вяртаецца ў Чэрвеньскі лясгас, фактычна — другі раз маладым спецыялістам. І на сваё ж працоўнае месца: у Іванаўскае лясніцтва, дзе яго і першы, і другі раз прыязна сустрэў калектыў. 

Усмешлівы, кампанейскі, ён проста не можа не падабацца! Да таго ж іграе на бас-гітары! І я не магла не спытаць: адкуль захапленне музыкай? 

— Па-першае, зноўку з сям’і, — усміхаецца Раман. — Мой прадзед іграў на баяне, скрыпцы. Нават былі такія размовы, што на цымбалах, але гэтага дакладна не скажу. Скрыпка, на жаль, не захавалася, бо бабуля давала нам, дзецям, з ёй пагуляцца. А захаваліся два баяны, падораныя пра дзядулю на працы — здаецца, з нагоды юбілеяў. Па-другое, мае мама і цётка і зараз спяваюць у народным хоры. Ну а я з 4-га класа школы па першы курс БДТУ іграў на кантрабасе ў народным калектыве нашага сельскага Дома культуры. Цяпер жа бас-гітара — для душы. 

Таксама яшчэ з дзіцячых гадоў Раман захапіўся гісторыяй. Як сусветнай, так і беларускай. А яшчэ некалькі разоў прымаў удзел у гульні «Што? Дзе? Калі?». Першы — яшчэ падчас вучобы ў школе, другі — на другім курсе ўніверсітэта, ну а трэці — ужо ў Чэрвеньскім лясгасе. І, па словах намесніка кіраўніка Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанны Чарнавец, згуляў няблага. 

У планах Рамана — вывучыцца на вадзіцеля, а ў самых бліжэйшых — набыць веласіпед, каб дабірацца да працы з Чэрвеня на сваёй тэхніцы (адміністрацыйны будынак размешчаны ў вёсцы Любішына) і адначасова займацца спортам! Зараз жа ён удзячны свайму ляснічаму Мікіце Качану, які заўсёды падвязе на аўто, — за гэта і, вядома ж, за лясную навуку, якую лепей за ўсё асвойваць на практыцы. 

Да слова, пачынаў сваю працу Раман Ясюкевіч, можна сказаць, з баявога хрышчэння, калі ляснічы пайшоў у адпачынак, а ён застаўся «на гаспадарцы». Было цяжка, прызнаецца. І стрэсавых сітуацый хапала. 

— Але ж справіліся?! 

— Так! Дзякуй усім, хто дапамагаў мне асвоіцца і дапамагае зараз. 

Яшчэ ў дзяцінстве, калі аўтар гэтых радкоў уяўляла сабе працу работнікаў лясной гаспадаркі, дык найперш думала пра тое, як шмат дрэў яны ўласнаручна садзяць. Гэта ж так рамантычна, калі твой лес расце разам з табой! А ці садзіў ужо наш малады спецыяліст лес на Чэрвеньшчыне? 

— Так, — адказвае Раман. — Акурат яшчэ да службы ў арміі. Тады мы займаліся дапаўненнем лясных культур. Садзілі на невялікіх участках елку і сасну. 

— А ці ёсць у вас жаданне праз пэўны час пабачыць, якімі сталі пасаджаныя вамі дрэвы? Альбо гэта ўжо звыклая справа? 

— Ведаеце, складанае пытанне. Не задумваўся пакуль. А ўвогуле… Узгадваю сваю практыку ў Негарэльскім вучэбна-вопытным лясгасе. Туды прыязджалі садзіць лес прадстаўнікі розных прафесій: і міністры, і выкладчыкі. І яны так цёпла ўзгадвалі: «Гэтае дрэўца я пасадзіў…», «Гэта мая плантацыя…» Ім прыемна. Нават былі такія людзі, якія бачылі вынікі сваёй працы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў! Гэта неверагодна! Таму, думаю, мне сапраўды будзе цікава зірнуць праз пэўны час на свой лес… 

— Вось і я хацела б зірнуць на свой! Спадзяюся, што сёлета атрымаецца. Бо ў 2014-м як журналіст брала непасрэдны ўдзел у пасадцы «касмічнага» лесу на Чэрвеньшчыне ў гонар нашага земляка, трэцяга касманаўта — ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага, чыёй аднакласніцай я з’яўляюся. 

— Ого, як цікава! 

— Так! І тым дрэўцам (я, як і маці Алега, Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, садзіла елачкі) ужо больш за 7 гадоў… 

Раман Ясюкевіч знаходзіцца яшчэ толькі на пачатку свайго працоўнага шляху. І вельмі хочацца верыць, што ў яго ўсё складзецца. Што здольны малады чалавек шмат чаму навучыцца, а затым будзе вучыць іншых. Што аднойчы прывядзе сваіх дзяцей і пакажа, які лес вырас з дрэўцаў, пасаджаных ім. І што лес стане і яго лёсам! 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: