Моц кіраўніка — у калектыве

Моц кіраўніка — у калектыве

Твои люди, лес!

Фота аўтара, Наталля НАВІЦКАЯ
14.09.2017 Версия для печати

Не першы год «Бягомльскі лясгас» значыцца ў ліку лепшых прадпрыемстваў галіны Віцебшчыны і рэспублікі. Стабільнасць, бадай, тое слова, якім сёння можна смела ахарактарызаваць лесагаспадарчую ўстанову.

Кіраўнік Бягомльскага лясгаса Аляксей ПРАКОПАЎ з майстрам на лесасеках Дзмітрыем ФЯДОРЧАНКА, машыністамі лесанарыхтоўчых машын Сяргеем ПРУДНІКАМ і Аляксандрам ПРАДЗЕДАМ, якія ў ліпені бягучага года былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Мінлясгаса за распрацоўку ветравальных лесасек. фота

Падмурак гэтай стабільнасці, безумоўна, закладзены штодзённай працай калектыву ў чатыры сотні чалавек, які ўзначальвае Аляксей Пракопаў. Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі з Аляксеем Іванавічам пра яго асабісты шлях у прафесію і пра дзейнасць прадпрыемства ў цэлым.

— Аляксей Іванавіч, у мінулым годзе Бягомльскаму лясгасу было 80, пачаўся адлік новага дзесяцігоддзя, а колькі з гэтага часу вы знаходзіцеся ля руля арганізацыі і як трапілі ў прафесію?

— Давайце падлічым. Адзі­наццаць гадоў, як я ўзначаліў лясгас, а ўсяго на Бягомльшчыне больш за трынаццаць. Мая сцежка да лесу пачалася з самага дзяцінства. Калі шчыра, то класе ў чацвёртым дакладна вырашыў, што работа будзе звязана з прыродай, бо заўжды заходзіў у лес, як у храм: з пакланеннем і дзеля асалоды душы. Хаця ў сям’і леснікоў не было. Бацька працаваў у сельскай гаспадарцы, маці — у адміністрацыі сельсавета. Жылі ў буйной на тыя часы вёсцы Палата на Полаччыне. Самастойна пракрочыў усе прыступкі прафесіі.

Маладым выпускніком пасля тэхнікума працаваў майстрам лесу ў Дрэтунскім лясніцтве аднайменнага лясгаса, потым стаў яго ляснічым. Паралельна вучыўся ў інстытуце. Затым працаваў ляснічым Обальскага лясніцтва Полацкага лясгаса, з утварэннем Шумілінскага лясгаса перавялі туды. На Бягомльшчыне пачынаў галоўным ляснічым. Цвёрда ўпэўнены ў тым, што пераскокванне адразу праз некалькі прыступак па кар’ернай лесвіцы маладому чалавеку, які пасля навучальнай установы толькі прыйшоў у лясную гаспадарку, не паслужыць на карысць. Трэба, як кажуць, «па зямлі пахадзіць», зведаць працэс знутры, а ўжо затым — калі ласка, расці далей.

— Лясгасу даводзіцца займацца двума супрацьлеглымі напрамкамі. З аднаго боку, лесаўзнаўленне і лесаразвя­дзенне, з другога — актыўная лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. Як, па-вашаму, дасягнуць балансу?

— У сучасных умовах адна дзейнасць без другой немагчымая. Менавіта ў звязцы яны неабходны для нармальнага функ­цыянавання прадпрыемства, своечасовай выплаты заробку і мадэрнізацыі тэхналагічнага працэсу. Наконт балансу адказ відавочны: кожны спецыяліст павінен якасна выконваць даручаную справу, і тады ніякіх пабочных пытанняў не ўзнікне. Да таго ж імкнёмся зрабіць працэс нарыхтоўкі максімальна механізаваным. Закупляем харвестары, фарвардары, пастаянна ўмацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу. І гэтыя ўкладанні, як паказвае час і пэўныя вынікі, — выключна апраўданыя. Для сённяшняга аб’ёму тэхнікі дастаткова, пры павелічэнні разліковай лесасекі будзем вырашаць гэтае пытанне і далей. Паралельна, у сучасным уласным гадавальніку, займаемся вырошчваннем насеннага матэрыялу дрэў, у тым ліку і з закрытай каранёвай сістэмай па фінскай тэхналогіі, нарыхтоўкай насення, аказаннем паслуг па аграэкатурызме, паляўнічым турызме.

— ДЛГУ «Бягомльскі лясгас» сертыфікавана па міжнародных стандартах. Якія перспектывы гэта далопрадпрыемству?

— У цэлым падобны працэс стымулюе пастаяннае павышэнне канкурэнтаздольнасці пра­дук­цыі. Калісьці мы пачыналі гэту справу невялікай групай лясгасаў з усёй рэспублікі. Потым вылучыліся ў самастойную адзінку, што, як сведчыць час, было цалкам правільным рашэннем. Маем сертыфікаты па сістэмах FSC і PEFC. Сертыфікацыю неабходна штогод пацвярджаць групе экспертаў, якія прыязджа­юць на прадпрыемства і правяраюць абсалютна ўсё: арганізацыю працэсу лесаўзнаўлення, нарыхтоўкі, перапрацоўкі, экалагічнае стаўленне да прыроды ў цэлым. Вялікая ўвага надаецца пытанням аховы працы.

— Адміністрацыйны будынак, вытворчыя тэрыторыі, тэрыторыі падраздзяленняў — гэта аб’екты ўзорнага парадку. Што яшчэ плануеце аднаўляць, рамантаваць?

— У работнікаў павінны быць камфортныя ўмовы працы і элементарныя выгоды. Менавіта гэтымі прынцыпамі мы кіраваліся пры рамонце і рэканструкцыі ўсіх адміністрацыйных будынкаў. Зроблена па аб’ектах шмат, дзе трэба — праводзім дадатковы касметычны рамонт. У хуткім часе плануем увесці новы будынак Вітуніцкага лясніцтва па такім жа праекце, як Замастоцкае, якое ўвялі ў канцы 2015 года. Яно будзе знаходзіцца на месцы былой школы ў гэтым населеным пункце. Дарэчы, там ужо быў у свой час закладзены дэндрапарк. Стараемся дапама­гаць сваім кадрам вырашаць жыллёвае пытанне. У сельскіх населеных пунктах ёсць службовае жыллё лясгаса, у Бягомлі пабудавалі некалькі кватэр для маладых спецыялістаў.

— Што б вы пажадалі сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?

— У першую чаргу хачу сказаць, што я ганаруся тым калектывам, які склаўся. Сёння ў нас няма цякучасці кадраў: ­ёсць і старэйшае пакаленне, і моладзь, і нават працоўныя дынастыі. Дзякуй усім за работу. А пажаданні ўсім калегам самыя звычайныя — здароўя вам і вашым блізкім, дабрабыту і ўдачы ў жыцці!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: