Сваёй прафесіяй ганаруся

Сваёй прафесіяй ганаруся

Твои люди, лес!

Наталья ЦЕЛИТАН
27.11.2014 Версия для печати

Мы вырашылі расказаць пра гэтага чалавека не толькі таму, што ён, як і многія з нашых герояў, усё сваё працоўнае жыццё шчыруе на карысць лясной гаспадаркі і мае ў сваёй працоўнай кніжцы ўсяго два запісы. Праца Аляксандра Гарбачова, інжынера-таксатара першай Мінскай лесаўпарадкавальнай экспедыцыі УП «Белдзяржлес», сёлета была адзначана высокай узнагародай — Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу на карысць беларускага лесу і вялікі асабісты ўклад у зберажэнне і памнажэнне ляснога багацця.

І такая ацэнка заканамерная, бо за гэтай узнагародай — трыццаць чатыры гады плённай самаадданай працы, палову з якіх, як гаворыць сам Аляксандр Захаравіч, ён правёў непасрэдна ў лесе. І гэта нядзіўна, бо сама пасада патрабуе кожныя паўгода знаходзіцца ў лясных абшарах, даследаваць кожны ўчастачак. І так раён за раёнам, вобласць за вобласцю, а то і за мяжой, другое, што не кожны гатовы да такіх ахвяр. Аляксандр Захаравіч жа лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо без гэтых камандзіровак, без лесу ён не ўяўляе свайго жыцця, нават ад павышэння некалі адмовіўся, бо ўся яго геаграфія абмежавалася б толькі сценамі кабінета. Таксатары ж — людзі іншыя. Нягледзячы на ўсе цяжкасці палявога жыцця, а гэта і адсутнасць нармальнага быту, і адарванасць ад сям’і, і вялікі аб’ём работ — неабходна пешшу прайсці каля 10 тысяч гектараў, яны, улюбёныя ў прыроду, з нецярпеннем чакаюць чарговага палявога сезона.
Аляксандр Гарбачоў нарадзіўся на Браншчыне, скончыў геаграфічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна і, яшчэ будучы студэнтам, уладкаваўся ў «Белдзяржлес», дзе працаваў рабочым разам з глебазнаўцамі некалькі сезонаў. Работа спадабалася, таму пасля заканчэння ўніверсітэта доўга не думаў і прыйшоў да тагачаснага кіраўніка экспедыцыі Анры Рыгоравіча Штэйнбока ўладкоўвацца на працу, які з задавальненнем узяў маладога спецыяліста. Два гады Аляксандр Захаравіч працаваў інжынерам-глебазнаўцам, затым у сувязі з неабходнасцю перавёўся ў таксатары. Першыя гадоў дзесяць, як успамінае сам, былі насычаны камандзіроўкамі з шырокай геаграфіяй: пабываў на Урале, у Бураціі, на Байкале. Гэтыя паездкі аставілі ўспаміны на ўсё жыццё, асабліва багатая і непаўторная прырода тых краёў. З 1991 года ён зноў займаецца перапрацоўкай глебавых матэрыялаў, а апошнія гадоў чатырнаццаць — таксатар.
Цяпер у Беларусі няма раёна, дзе б ні пабываў Аляксандр Захаравіч. Асабліва пры гэтым адзначае Брэстчыну, мястэчка Будслаў і, канешне ж, Беразіну і Сяляву, бо наш герой — заядлы рыбак. Дарэчы, захапленняў у Аляксандра Захаравіча шмат: ён былы чэмпіён па шахматах, стральбе і більярдзе ўнутры прадпрыемства і сярод навукова-даследчых устаноў, яшчэ захапляецца футболам і біятлонам. І як толькі ўсё паспявае!.. Шчыра прызнаецца, што ў адпачынку, акрамя дачы, нідзе ніколі не быў. Хапае занятку і на прысядзібным участку, які, дарэчы, на зайздрасць прыгожы дзякуючы не толькі кветкам, якімі захапляецца жонка, але і малым архітэктурным формам, якія сам з задавальненнем майструе Аляксандр Захаравіч. Дарэчы, цяслярства — яшчэ одно захапленне таксатара. Таксама ён любіць збіраць грыбы, адно толькі — не паляўнічы, кажа, што не можа прынесці шкоду жывому.
На мінулым тыдні таксатары вярнуліся з палявога сезона і зараз апрацоўваюць прывезены матэрыял. Аляксандр Захаравіч на гэты раз займаўся лесаўпарадкаваннем Белавежскай пушчы і цяпер таксама састаўляе картаграфічны матэрыял.
— Таксатара ногі кормяць, — гаворыць Аляксандр Гарбачоў, — так было і будзе ва ўсе часы. Цяпер, праўда, крыху цяжэй стала ўладкавацца на кватэру, хаця гэты момант залежыць перш-наперш ад ляснічага, ад яго зацікаўленасці ў нашай рабоце. Цяжэй стала працаваць і з пераводам зямель з адной катэгорыі ў другую. Між іншым нашым спецыялістам давяраюць усюды — не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны слава ў прадпрыемства добрая. І мы з задавальненнем бяромся за наступны праект, незалежна ад таго, будзе ён на тэрыторыі Беларусі ці не.
Аляксандр Захаравіч вельмі ўдзячны сваёй сям’і за разуменне і цярпенне, бо кожныя паўгода на працягу ўсяго яго працоўнага жыцця жонцы Святлане Анатольеўне і дачцэ Алене прыходзілася разлічваць толькі на саміх сябе. Дарэчы, поспехамі дачкі Аляксандр Захаравіч вельмі ганарыцца: яна скончыла юрыдычны факультэт БДУ на «выдатна» і паспяхова працуе па спецыяльнасці. Удзячны сваім настаўнікам Анры Рыгоравічу Штэйнбоку, Валянціну Іванавічу Герлаху, Барысу Мікалаевічу Чаранкевічу, Віктару Аляксеевічу Касцюкевічу, якіх аб’ядноўвала дасканалае веданне сваёй справы, добразычлівыя адносіны да падначаленых.
Ён таксама дапамагае маладым, перадае свой вопыт. За імі будучае, лічыць Аляксандр Захаравіч, і з павагай ставіцца да ўсяго новага. Напрыклад, новыя тэхналогіі аблегчылі працу і таксатарам, многае не трэба рабіць уручную, але ў сучасных гаджэтаў ёсць і адмоўны бок — вельмі часта яны замяняюць жывыя зносіны паміж людзьмі, іх калектыўнае жыццё. «А нам неабходна быць больш уважлівымі адзін да аднаго, больш мець адказнасці, — лічыць Аляксандр Гарбачоў. — Экзюперы ў сваім знакамітым творы сказаў: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі». Па гэтым прынцыпе я і жыву».

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: