У дзень нараджэння Андрэя Бакуновіча ўзнагародзілі Ганаровай граматай

У дзень нараджэння Андрэя Бакуновіча ўзнагародзілі Ганаровай граматай

Твои люди, лес!

Фота аўтара, Юлія БУКЕЛЬ
07.08.2020 Версия для печати

Нядаўна заточнік дрэваапрацоўчага інструменту ВМУ «Беразіно» Бярэзінскага лясгаса Андрэй Бакуновіч адзначыў пяцідзесяцігадовы юбілей. У гэты ж дзень за плённую, добрасумленную працу Андрэю Андрэевічу ўручылі Ганаровую грамату Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
— Ведаеце, у мяне сёння атрымалася двайное свята! Шчыра прызнаюся, нават не чакаў такой ганаровай узнагароды, — з усмешкай заўважыў Андрэй ­Андрэевіч. — Я звычайны сціплы працаўнік, проста імкнуся выконваць сваю справу на выдатна.
Уручыў узнагароду майстру i павіншаваў са святам намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бярэзінскага лясгаса Віталій Умінскі:
— Дзякуй вам за шматгадовую, самаадданую працу. Жадаем вам далейшых поспехаў у нашай нялёгкай справе, моцнага здароўя і дабрабыту!
Да віншаванняў далучылiся і работнiкi лясгаса. Бачна, што ў калектыве Андрэя Андрэевіча паважаюць як адказнага, працавітага, руплівага работніка. Ён для калег надзейны дарадца, настаўнік. А іначай і быць не можа — Андрэй Бакуновіч 26 гадоў шчыруе ў лясной гаспадарцы

.
— Як ні дзіўна, але па першай адукацыі я вет­урач — у свой час скончыў тэхнiкум у Смiлавiчах. Але лёс-чараўнік прывёў мяне ў лясную гаспадарку. І я ні разу не пашкадаваў аб гэтым.
Працоўную дзейнасць Андрэй Андрэевіч у лясгасе пачынаў яшчэ ў 1994 годзе. Некаторы час працаваў навальшчыкам-звальшчыкам. Пасля быў станочнікам дрэваапрацоўчага станка. І вось ужо больш за 10 гадоў — заточнік дрэваапрацоўчага інструменту.
— Чым я займаюся? Назва гаворыць сама за сябе — тачу пілы, нажы на станкі, ланцугі для шматаперацыйнай тэхнікі — харвестараў. У мае абавязкі ўваходзіць рабіць усё вострым, каб цудоўна працавала. Неабходна ўсё выконваць дакладна, з захаваннем нормаў. Адным словам, праца даволі складаная, патрабуе ўседлівасці. Ведаеце, калі параўноўваць работу зараз і калі толькі я пачынаў: сёння працаваць значна лягчэй. У нас новае абсталяванне, вось нядаўна толькі атрымалі сучасны станок! Таму і працаваць адно задавальненне, заўсёды іду на працу ў добрым настроі.
Дарэчы, Андрэй Андрэевіч нядаўна адзначыў яшчэ адну дату: 24 ліпеня споўнiлася 28 гадоў, як яны з жонкай Наталляй Аляксандраўнай разам!
— Я шчаслівы чалавек — у мяне ёсць любімая і любячая жонка, а таксама работа, якая прыносіць мне задавальненне! — заўважыў Андрэй Андрэевіч.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: