Задае тон агульнай справе

Задае тон агульнай справе

Твои люди, лес!

Фота аўтара, Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
12.08.2020 Версия для печати

У ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас» дзейнасці ідэалагічнага актыву нададзены высокі ўзровень. Неаднаразова гэта лесагаспадарчая ўстанова ўваходзіла
ў лік пераможцаў раённых спаборніцтваў на лепшую арганізацыю ідэалагічнай, інфармацыйна-прапагандысцкай
і арганізацыйна-выхаваўчай работы. Аб сваіх працоўных буднях карэспандэнту раённай газеты распавяла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Юлія КУДРАВЕЦ.
— Юлія Леанідаўна, раскажыце, з чаго пачынаецца ваш працоўны дзень?
— Як, пэўна, і ў вас, журналістаў, з прагляду інфармацыі, навін сайта Міністэрства лясной гаспадаркі, разбора пошты, дакументацыі. Таксама я кірую напаўненнем інтэрнэт-сайта нашага лясгаса.
У сваёй дзейнасці прытрымліваюся планаў па ідэалагічнай і спартыўна-масавай рабоце, якія складаем штогод, працую з рэзервам кадраў, адказваю за распаўсюджанне нагляднай агітацыі і своечасовым яе абнаўленнем на інфармацыйных стэндах у структурных падраздзяленнях, сачу за падтрыманнем пазітыўнага маральнага клімату ў калектыве.
— Адной з важных задач вас як ідэолага з’яўляецца работа з кадрамі. Якія захады прымаюцца ў лясгасе, каб тут замацоўваліся маладыя спецыялісты? Якія ўмовы створаны для стымуляцыі працы лепшых работнікаў?
— У нас вядзецца перспектыўны рэзерв кадраў, куды ўваходзіць моладзь да 30 гадоў — работнікі, якія з пазітыўнага боку заявілі аб сабе, паказваюць высокія вынікі працы, і звычайны — работнікі да 45 гадоў, працавітыя, адказныя, з выражанымі кіраўнічымі якасцямі, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Што датычыцца маладых спецыялістаў, то для іх у лясгасе створаны дастойныя ўмовы працы. Ім на працягу першых трох гадоў кампенсуецца найм жылля (да 3 базавых велічынь), за кожным замацоўваецца настаўнік, звычайна ляснічы ці яго памочнік. Калі малады работнік родам з Бялыніцкага або Круглянскага раёна, па яго жаданні шукаем працоўнае месца бліжэй да дому.
Сёлета да нас прыйшлі трое маладых спецыялістаў. Адзін працуе інжынерам па лесанарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны, двое — майстры лесу ў Круглянскім і Эсьмонскім лясніцтвах.
Штогод у верасні, у наша прафесійнае свята — Дзень работнікаў лясной гаспадаркі, — падводзім вынікі дзейнасці за год. Граматамі і грашовымі прэміямі адзначаем работнікаў, якія паказалі высокія вынікі ў працы, грамадскім жыцці калектыву, вядзенні здаровага ладу жыцця. Лепшыя з лепшых заносяцца на Дошку гонару з выплатай грашовай прэміі ў памеры іх пасадавага аклада.
Акрамя таго, праводзім шэраг прафесійных і спартыўных спаборніцтваў унутры лясгаса, актыўна ўдзельнічаем у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных першынствах.
Гонар нашай арганізацыі на рэспубліканскіх спаборніцтвах абаранялі Аляксандр Шупікаў (па міні-футболе), Вольга Заранкова і Наталля Козырава (па лыжных гонках).
Высокія дасягненні штогод паказваюць нашы вальшчыкі лесу і машыністы лесанарыхтоўчых машын у галіновых спаборніцтвах «Лесаруб». Сёлета ў сувязі з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй гэтыя спаборніцтвы перанесены на больш позні тэрмін.
— Ведаю таксама, што ў лясгасе ўдзяляецца ўвага і тым работнікам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
— Безумоўна, у нас на ўліку знаходзяцца 98 ветэранаў працы. На ўсе дзяржаўныя і прафесійныя святы мы дасылаем ім віншаванні, у тым ліку і праз раённую газету, запрашаем на ўрачыстыя мерапрыемствы. Летась для нашых ветэранаў лясгас арганізаваў паездку на канцэрт Валерыя Меладзэ, які праходзіў у Магілёве ў рамках фестывалю «Залаты шлягер». Усім жадаючым за кошт сродкаў лясгаса выпісваем профільнае выданне — «Белорусскую лесную газету».
— Падрыхтоўка да ХХVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах ідзе поўным ходам. Які ўнёсак у гэту справу робіць лясгас?
— Мы праводзім мадэрнізацыю нашага адміністрацыйнага будынка па вуліцы Савецкай, а таксама работы па добраўпарадкаванні і азеляненні прылеглай тэрыторыі. Таксама абнавілі канструкцыі міні-рынка па вуліцы Калініна.
Вядома, кожны сезон прыводзім у парадак зоны адпачынку, замацаваныя за лясгасам, выконваем работы па азеляненні і добраўпарадкаванні нашых структурных падраз­дзяленняў.
— Праца ідэолага прадугледжвае вялікую адказнасць і не менш вялікую частку індывідуальнай работы літаральна з кожным членам працоўнага калектыву. Як спраўляецеся з гэтым?
— Падтрымліваць пазітыўны маральны клімат у працоўным калектыве і задаваць тон агульнай справе — сапраўды цяжкая задача. Трэба ведаць пра кожнага працаўніка ўсё і нават крышку больш. У вырашэнні спрэчных пытанняў стараюся заняць пазіцыю чалавека, дапамагчы яму. Імкненне даводзіць кожную справу да дасканаласці перадалося ад бацькі. Ён 27 гадоў працаваў галоўным механікам у Клічаўскім лясгасе, быў для мяне прыкладам прафесіянала. Пасля школы я вырашыла звязаць свой лёс толькі з лясной гаспадаркай. Так патрапіла на працу ў Бялынічы.
Ужо ў працэсе прафесійнай дзейнасці сталася так, што зносіны з людзьмі сталі прывабліваць мяне больш. Спачатку працавала інспектарам па кадрах, а цяпер амаль 6 гадоў адказваю за ідэалагічную работу. Цёплыя адносіны з калектывам, выбудаваныя за гэты час, натхняюць мяне плённа працаваць і далей.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: