У пачатку верасня 1944 года войскі 2-га Беларускага фронту з баямі вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Польшчу. Сярод тых, хто вызначыўся пры прарыве абароны праціўніка ў раёне вёскі Тарнова, быў падносчык мін 1-й мінамётнай роты 843-га стралковага палка 238-й стралковай дывізіі чырвонаармеец Уладзімір Вяргейчык з вёскі Нежаўка Чэрвеньскага раёна. Пад пякельным варожым агнём ён бесперабойна забяспечваў роту мінамі, чым дапамог адбіць неаднаразовыя контратакі ворага. За паспяховае выкананне баявой задачы 18-гадовы юнак атрымаў першую ўзнагароду — медаль «За баявыя заслугі».
У студзені 1945-га Уладзіміра Вяргейчыка, які да таго часу ўжо стаў наводчыкам мінамётнай роты, узнагародзілі вышэйшым медалём СССР — «За адвагу». У баі за вёску Зендровен ва Усходняй Прусіі ён прымусіў замаўчаць тры агнявыя кропкі праціўніка і знішчыў 7 варожых салдат. Яшчэ адна баявая ўзнагарода — ордэн Чырвонай Зоркі — з’явілася на грудзях героя пасля баёў на подступах да горада Данцыг і фарсіравання ракі Мёртвай Віслы, падчас якога ён са сваім 82-міліметровым мінамётам прыкрываў пяхоту.
Перамогу Уладзімір Вяргейчык сустрэў на Эльбе камандзірам аддзялення ўпраўлення. А потым яшчэ амаль шэсць гадоў адслужыў у Германіі, у горадзе Штэндаль. Пасля вяртання ў родную Нежаўку звязаў свой лёс з лясной гаспадаркай, якой аддаў 31 год жыцця. Пераважную большасць гэтага тэрміну працаваў у Грабёнскім лясніцтве Чэрвеньскага лясгаса бухгалтарам, таксама асвоіў і прафесію лесніка.
Ветэрана вайны і працы Уладзіміра Васільевіча Вяргейчыка не стала ў кастрычніку 2001 года. Але светлую памяць і цёплыя ўспаміны пра яго беражліва захоўваюць родныя. У гэтым мы з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Чэрвеньскага лясгаса Жаннай Чарнавец пераканаліся, завітаўшы ў вёску Пекалін Смалявіцкага раёна, дзе ў сям’і малодшай дачкі жыве жонка Уладзіміра Вяргейчыка.
Ганне Васільеўне — 88. Але, нягледзячы на шаноўны ўзрост, яна захавала бадзёрую рухавасць, прыязную ўсмешку і гарэзлівыя іскрынкі ў вачах. Са старонкі сямейнага альбома на нас пазірае зухаваты сяржант з ордэнам Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы. І памяць вяртае Ганну Васільеўну ў маладосць.
— Мы з Валодзем у Нежаўцы на адной вуліцы жылі, з аднаго калодзежа ваду бралі, — узгадвае яна. — Калі ён на вайну пайшоў, я яшчэ малая была, а як вярнуўся з Германіі, то ўжо нявеста якраз. А хлопцаў пасля вайны амаль не было. І тут Валодзя прыйшоў з арміі. Малады, прыгожы. Шмат дзяўчат па ім сохла, але ён мяне абраў. Нейкіх там заляцанняў асаблівых не было. Сказаў: пойдзеш за мяне? А не — іншую вазьму. (Cмяецца.) Я і пайшла…
Уладзімір Васільевіч і Ганна Васільеўна пражылі ў ладзе і згодзе амаль паўстагоддзя. Нарадзілі і выгадавалі дваіх сыноў і двух дачок. Ганна Васільеўна кажа, што ўспаміны пра вайну даваліся мужу няпроста:
— Штогод 9 Мая ён сядзеў ля тэлевізара і плакаў. Узгадваў, як Одэр фарсіравалі. Казаў, столькі людзей загінула, што вада ў рацэ была чырвонай ад крыві. А яшчэ казаў, што аднойчы варожая куля патрапіла яму ў спражку салдацкага рэменя і не зачапіла. Мусіць, Бог Валодзю абараняў ад смерці. Ён жа, як вайна пачалася, адразу ў партызаны падаўся. Аднойчы трэба было ў разведку ісці, а ў яго кашаль. Не ўзялі. З той разведкі ніхто жывым не вярнуўся…
Ганна Васільеўна вельмі добра разумела пачуцці мужа, бо сама перажыла боль і жахі ваеннага ліхалецця. Памятае, як хаваліся ад ворага ў зямлянцы, як над той зямлянкай, страшна лязгаючы гусеніцамі, праехаў танк. Як здзекаваліся над яе бацькамі немцы, шукаючы мамінага брата, славутага партызанскага камісара Пятра Знака.
Муж і жонка Вяргейчыкі былі паяднаныя не толькі вайной, але і працай. Ганна Васільеўна адпрацавала ў лесе 40 гадоў: спачатку на падсочцы ў леспрамгасе, потым — рабочай у Грабёнскім лясніцтве. Праца была цяжкая: не толькі з матыкай на праполцы лясных культур. Пілаваць лес звычайнай двухручнай пілою нярэдка дапамагаў ёй яе Валодзя.
— А на сваёй бухгалтарскай працы ён быў незаменным чалавекам у лясніцтве, — кажа Ганна Васільеўна. — І на пенсіі яшчэ рабіў, усё ніяк не адпускалі, пакуль я не пайшла і настойліва не папрасіла. А ўжо які сумленны быў: ніколі нічога не браў чужога, ды і тое, што яму належала, падчас браць саромеўся… З вялікай цеплынёй дзеліцца ўспамінамі пра Уладзіміра Васільевіча дачка Жанна:
— Тата быў вельмі дасціпным і адукаваным для свайго часу чалавекам. Да вайны ён скончыў Грабёнскую сямігодку з пяцёркамі па ўсіх прадметах. Калі мы вучыліся, дапамагаў сачыненні пісаць. Пасля службы ў Германіі свабодна размаўляў на нямецкай мове. Таксама быў адмысловым музыкам-самавучкай: іграў на самых розных інструментах — гармоніку, баяне, акардэоне, цымбалах, мандаліне, скрыпцы. Тата вельмі любіў кветкі і сам іх вырошчваў. З дзяцінства памятаю, як наш вялікі двор літаральна патанаў у вяргінях. І не дай бог было нам, малым, падвязаць іх якім-небудзь шнурам: толькі размочаным лыкам, якое мы бралі ў дзядулі.
Таксама запомнілася татава ашчаднае стаўленне да лесу. Неяк паехалі мы з ім і мужам па дровы. Муж, ездзячы на трактары па дзялянцы, памяў маленькія ялінкі. Глядзім, а тата іх беражліва падымае і выпроствае…
— А яшчэ дзядзька Валодзя любіў крыжаванкі разгадваць, — далучаецца да ўспамінаў пляменніца Уладзіміра Вяргейчыка Наталля Чапялевіч. — Неяк нёс два вядры свінням, а потым паставіў іх пасярод двара — і ў хату. Што такое? Аказваецца, слова ў крыжаванцы ўзгадаў! Увогуле, я лічу, што і такія вось моманты жыццёвыя, і, безумоўна, памяць пра вайну мы павінны не толькі захоўваць, але і перадаваць дзецям, унукам. А ў нас, на жаль, жывыя зносіны замяніў Інтэрнэт. Еду ў грамадскім транспарце і назіраю: тата ў тэлефоне, мама ў тэлефоне, дзіця таксама ў тэлефоне. Так не павінна быць…
Што тут дадаць? І сапраўды, пакуль мы помнім, мы жывём.
Комментарии
Оставить комментарий0 Комментариев