Знамянальны кастрычнік

Знамянальны кастрычнік

Твои люди, лес!

Алена ГРОМАВА
30.10.2014 Версия для печати

— Сёлетні кастрычнік для мяне — знамянальны месяц, — гаворыць Сяргей Шкудроў, — бо менавіта ў кастрычніку, 20 гадоў таму назад, я стаў работнікам ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас». Спачатку працаваў лесніком і вальшчыкам у Любушанскім лясніцтве, апошнія сем гадоў — вальшчык у Пагосцкім.
Сяргей Мікалаевіч — вядомая асоба не толькі ў аграгарадку Любушаны, дзе жыве, і не толькі ў Пагосцкім лясніцтве, дзе працуе. Яму, як аднаму з лепшых работнікаў лясной гаспадаркі, часта даводзіцца ўдзельнічаць у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і сусветных чэмпіянатах вальшчыкаў.
Аб яго майстэрстве і прафесіяналізме яскрава сведчаць шматлікія дыпломы і медалі. Сёлетні год не стаў выключэннем — таксама прынёс новыя ўзнагароды, новыя прыемныя ўражанні і пацвярджэнне таму, што Сяргей Мікалаевіч, без сумнення, у добрай форме. Пасля рэспубліканскага чэмпіянату «Лесаруб-2014» ён вярнуўся дадому з трыма дыпломамі пераможцы.
Эстафету бацькі падхапіў і малодшы сын Сяргей, які пасля заканчэння Полацкага лесатэхнічнага каледжа працуе ў Заастравецкім лясніцтве Клецкага лясгаса. Два гады працаваў майстрам, цяпер (ужо трэці год) — памочнік ляснічага, да таго ж праслаўляе Клецкі лясгас сваімі перамогамі ў спаборніцтвах сярод вальшчыкаў. Так, нядаўна ён вярнуўся з 31-га чэмпіянату свету сярод лесарубаў, што адбыўся ў швейцарскім горадзе Брыенц.
Для Сяргея Мікалаевіча і яго жонкі Валянціны Аляксандраўны сыны — іх гонар і радасць. Дарэчы, старэйшы Аляксандр таксама пачынаў свой працоўны шлях у Любушанскім лясніцтве, падарыў ужо бацькам дзвюх унучак-двайнят Машу і Дашу.
Бацькі навучылі сыноў галоўнаму — сваімі рукамі тварыць уласнае жыццё шчаслівым і яскравым.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: