У Бярэзінскім лясгасе ўпершыню прайшоў агляд-­конкурс аматарскай творчасці

У Бярэзінскім лясгасе ўпершыню прайшоў агляд-­конкурс аматарскай творчасці

Ведай нашых!

Ала АЛЬФЕР, Фота аўтара
23.04.2015 Версия для печати

Вядома, нядзіва, што раённы Дом культуры збірае аматараў спеваў і танцаў, шматлікіх прыхільнікаў мастацтва, гледачоў. І на гэты раз зала была запоўнена цалкам, хаця на сцэну выходзілі далёка не знакамітыя артысты.

Канкурсанты не проста спаборнічалі паміж сабой, яны спявалі, ігралі на музычных інструментах, расказвалі байкі — для сваіх блізкіх і родных, для калег, імкнуліся не падвесці іх. фота

Наадварот, некаторыя перад гледачамі выступалі ўпершыню. Упершыню быў наладжаны і агляд­конкурс аматарскай творчасці работнікаў ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас», ініцыятарам якога выступіла адміністрацыя ўстановы. Адметна, што родныя і блізкія творчых работнікаў лесу прыйшлі падтрымаць іх не толькі з залы, але і на сцэне, што і прадугледжвалася ўмовамі конкурсу. Здавалася, не было таго жанру, які б не быў ахоплены ў час выступленняў. Фестывалем мастацкай самадзейнасці назваў мерапрыемства яго вядучы, артыст кіно і эстрады, аўтар і выканаўца Георгій Волчак, і гэта адпавядала сапраўднасці. Канкурсанты не проста спаборнічалі паміж сабой, яны спявалі, ігралі на музычных інструментах, расказвалі байкі — для сваіх блізкіх і родных, для калег, імкнуліся не падвесці іх.

Адкрыла своеасаблівы канцэрт 11­гадовая Карына Жукоўская, дачка начальніка вытворчага майстарскага ўчастка «Беразіно». Песню пра «Матулю Беларусь» выводзіў звонкі дзіцячы голас. Артыстычна выканала песеньку «Топні, мая ножка» дачка работніка Любушанскага лясніцтва Марына Юшкевіч. Ігрой на баяне здзіўляў сын намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Максім Умінскі і ігрой на піяніна — сын спецыяліста па мытным афармленні Віктар Круталевіч. У складзе квартэта акардыяністаў разам з Андрэем Папковым, Дар’яй Карчаўскас, Уладам Вашчылам выступіла дачка дырэктара Анастасія Чэмка. Пранікнёна праспявала Анастасія і песню «Пра маму». З песняй «Лепш за тату сябра няма на свеце» выйшаў на сцэну сын трактарыста лясгаса Захар Кніга, трымаўся смела, не разгубіўся нават, калі крышку забыўся словы. Трактарыстам працуе ў лясгасе і бацька Інгі Габец, якая спявала пра «Музычную капель».

Пераможцаў аматарскага конкурсу сярод дарослых вызначалі па дзвюх намінацыях — прафесіяналы і ўдзельнікі, якія выходзілі на сцэну ўпершыню. фота

На змену дзецям выйшлі на сцэну дарослыя. Жонка трактарыста Багушэвіцкага лясніцтва Людміла Баранава любіць спяваць лірычныя меладычныя песні, акрамя таго, яна мнагадзетная матуля. Маючы адказную пасаду начальніка планава­вытворчага аддзела, знаходзіць час на актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці раёна, на ўдзел у народным ансамблі «Лявоніха» Павел Сугака, разам з Аленай Сакавай ён спяваў песню «Забава».

Тут неабходна адступіць і адзначыць, што пераможцаў аматарскага конкурсу сярод дарослых вызначалі па дзвюх намінацыях — прафесіяналы і ўдзельнікі, якія выходзілі на сцэну ўпершыню.

Упершыню прадстаўляў раённай публіцы байку «Які Коля, такая і доля», напісаную бацькам Міхаілам Клініцкім, лесаруб Анатоль Клініцкі. Шмат гучных апладысментаў сарваў начальнік аддзела прамысловай вытворчасці Дзмітрый Сядоў з песняй «Уладзівасток 2000». Сын памочніка ляснічага Арэш­кавіцкага лясніцтва Аляксандр Дранковіч ахвяраваў рабочым днём у сталіцы, каб выручыць бацьку і выступіць з песняй «Адуванчыкі» пад уласны акампанемент на гітары. У падтрымку бацькі, рабочага Арэшкавіцкага лясніцтва, выйшла на сцэну з песняй «Сяброўкі» Святлана Мацкевіч. Здавалася, не хапала месца ў зале для зычнага голасу ляснічага Брадзецкага лясніцтва Дзмітрыя Мяшалкіна, які зрабіў замах на песню «Вячэрняя застольная». Не менш папулярную і любімую многімі песню «Ёсць толькі імгненне» ў сваім бачанні прадставіў машыніст Алег Балігатаў. Майстар лесу Пагосцкага лясніцтва Андрэй Дубавік шчыра прызнаваўся, што даўно не браў у рукі акардэон, але парадаваў «Радасным вальсам». Не стала навіной сцэна для работніка культуры Таццяны Несцяровіч, яна прадстаўляла Любушанскае лясніцтва, дзе працуе яе муж Юрый, вядомы вальшчык лесу. Звыкла выйшаў да гледачоў вадзіцель Аляксандр Міхайлоўскі, на гэты раз разам з жонкай Верай, якая таксама працуе ў лясгасе. Аляксандр Міхайлоўскі і заключыў канцэрт песняй «Беларусь мая».

Мяркую, нялёгкая задача была ў членаў журы конкурсу, якім патрэбна было ўлічыць узровень выканальніцкага майстэрства, выразнасць, артыстычнасць, арыгінальнасць творчай задумы і гэтак далей. Пакуль яны спрачаліся і вырашалі, а ўдзельнікі хваляваліся, гледачы змаглі пазнаёміцца з творчасцю сталічных артыстаў — Георгія Волчака і Алены Пішчыкавай — вядучай тэлепраграмы «Ікра», удзельніцы праектаў «Хачу ў «ВІЯ Гру» і «Голас».

З самай хвалюючай інфармацыяй выйшаў на сцэну дырэктар ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» Сяргей Чэмка, які часова перакваліфікаваўся і заняў пасаду старшыні журы. Не ў навіну яму ўручаць узнагароды і дзякаваць работнікам лясной гаспадаркі Бярэзіншчыны і іх родным, але раней наўрад ці ўшаноўваў за прыхільнасць да музычнага мастацтва. Менавіта любоў да спеваў, танцаў, музыкі дапамагла выйсці ў пераможцы сярод прафесіяналаў Аляксандру Міхайлоўскаму (1­-е месца), Паўлу Сугаку (2-­е месца), Таццяне Несцяровіч (3-­е месца). Сярод дзяцей былі вызначаны Карына Жукоўская ­(1-­е месца), Марына Юшкевіч (2-­е месца), прыз глядацкіх сімпатый атрымала Інга Габец. Не менш інтрыгуючай была намінацыя ўдзельнікаў, якія выступалі ўпершыню. Тут 1­-е месца аднадушна было аддадзена Дзмітрыю Мяшалкіну, 2-­е — прысуджана Алегу Балігатаву, 3-­е месца падзялілі паміж сабой Андрэй Дубавік і Аляксандр Дранковіч. Дзмітрый Сядоў адзначаны за лепшы сцэнічны вобраз.

Кожны пераможца адзначаны прэміяй. Спецыяльныя знакі і заахвочванні атрымалі ўсе ўдзельнікі конкурсу, а таксама — нямала задавальнення і прыемных уражанняў. Галоўнае — выканана асноўная мэта мерапрыемства па арганізацыі вольнага часу работнікаў лясной гаспадаркі і іх сем’яў — прыцягненне іх да заняткаў народнай творчасцю, выяўленне самабытных арыгінальных выканаўцаў, актывізацыя культурнага адпачынку і інш.

Не засталіся раўнадушнымі да канцэрта мастацкай самадзейнасці, які стаў нечым новым і адметным, усе гледачы, якія прысутнічалі ў зале.

У час падрыхтоўкі да конкурсу не абышлося без дапамогі работнікаў культуры, са словамі падзякі за дружны тандэм у такой рабоце Сяргей Чэмка звярнуўся да начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Галіны Сакалоўскай.

Меладычныя і заліхвацкія гукі, апладысменты, кветкі, намінацыі, хваляванні... Дырэктар Бярэзінскага лясгаса паабяцаў, што гэта толькі пачатак. І, магчыма, хтосьці ўжо настройваецца на наступны конкурс.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: