Мёд не даецца лёгка ні пчале, ні пчаляру

Мёд не даецца лёгка ні пчале, ні пчаляру

Вести с мест

Фота аўтара, Анна АНІШКЕВІЧ
08.09.2022 Версия для печати

У маляўнічым ціхім месцы — на хутары Абалонь Шаркаўшчынскага раёна — знаходзіцца Полаўскае лясніцтва. Абапал дарогі, якая да яго вядзе, пасаджаны клёны, ліпы розных сартоў, каштаны, глог. Гэта сад меданосаў. Навокал — вялікі яблыневы сад, а за ім — лес. Тэрыторыя вакол будынка лясніцтва, нягледзячы на сёлетняе сухое лета, патанае ў шматколернасці кветак. Удыхаю іх водар, захапляюся прыгажосцю і дагледжанасцю. Ведаючы, што побач пчальнік, асцерагаюся пчол. 

— Не бойцеся, — зразумеўшы маю трывогу, кажа ляснічы Полаўскага лясніцтва Аляксандр Дзіковіч. — Вуллі за высокай агароджай. І ў пчол свая дарога. 

Але ўсё ж, перш чым адправіцца на пчальнік, надзяваю шапку-маску пчаляра. Вуллі размешчаны пад разгалістымі яблынямі, нястомныя працаўніцы-пчолы жужжаць ля сваіх хатак, за імі вельмі цікава назіраць. 

— Пчолы ў нас пароды бакфаст, — распачынае экскурсію Аляксандр Дзіковіч. — Яны прадукцыйныя і мірныя. Не любяць шуму, рэзкіх рухаў. Каб зразумець пчол, чалавеку не хопіць жыцця. Кожны дзень адкрываеш для сябе штосьці новае, веды пра іх паглыбляю праз Інтэрнэт. Паколькі цяпер маім памочнікам з’яўляецца жонка, удасканальваемся майстэрствам разам. 

Тамара здымае з вулля дах, Аляксандр акуратна акурвае кораб. Мне нават у масцы стаяць побач крыху няўтульна. Аднак пчаляры спакойна дастаюць рамкі, аглядаюць соты і расказваюць пра гэтых дзіўных насякомых. Мяне ўразіла не толькі пчаліная магія, але і тое, з якой любоўю муж і жонка адносяцца да працавітых пчол, як захоплены сваім заняткам. 

Знаёмства з пчалярствам у Аляксандра адбылося ў дзяцінстве, калі хадзіў да дзеда на хутар каля Кеўлічаў і дапамагаў адпампоўваць мёд, назіраў за яго работай і пчоламі. Першыя два вуллі яму падарыў знаёмы пару дзесяцігоддзяў таму, калі Дзіковіч узначальваў Варапаеўскае лясніцтва. З пераводам яго ў Полаўскае, дзе знаходзіўся вялікі пчальнік, прыйшлося заняцца справай дасканала. 

— Усяму вучыў мой папярэднік Міхаіл Мацвеевіч Хамянок, — успамінае ляснічы. — Ён жыў побач з лясніцтвам і любіў прыходзіць да нас. Заўсёды ахвотна дзяліўся сваім багатым вопытам, даваў парады. Сам заўсёды чытаў шмат спецыяльнай літаратуры. Цяпер у дапамогу Інтэрнэт. 

З расказу Аляксандра Дзіковіча я даведалася, што пчолы ў залежнасці ад узросту выконваюць розныя функцыі: адны збіраюць мёд, другія ахоўваюць вулей ад чужакоў, трэція выкормліваюць лічынак, трутні займаюцца выключна працягам роду. Каралева ў вуллі — пчаламатка. У кожнай сям’і пчол свой мікраклімат, але працавітыя ўсе. 

Многія думаюць, што ў пчалаводстве ўсё проста: завёў пчол — і чакай, калі яны нанясуць мёду, потым адпампаваў яго — і зноў адпачывай. На самай справе работы хапае круглы год. Вясной з першацветамі ў свае першыя палёты адпраўляюцца і пчолы. Пара медазбору і галоўны сезон для пчаляра — лета. Хутка пачнецца падрыхтоўка да зімоўкі. Зімой пчолы збіраюцца ў шчыльны клубок і пастаянна мяняюцца месцамі, награваючы тэмпературу паветра ў вуллі да 36,6 градуса. Звонку можна праслухаць іх ціхае шапаценне. 

Паназіраўшы за працай Тамары і Аляксандра Дзіковічаў (на здымку), яшчэ раз перакана- лася: мёд не даецца лёгка ні пчале, ні пчаляру. 

Сёлета ў Полаўскім лясніцтве адпампавалі больш за 2 тоны мёду. У пластыкавым посу- дзе ён нагадвае каштоўны бурштын. Літр мёду каштуе 15 рублёў. Набыць яго ўсе жадаючыя могуць на скла дзе лясгаса. 


У Полаўскім лясніцтве 115 пчоласем’яў. Частка іх размешчана на месцы, а частка — на 4 платформах качуе па палях з канюшынай, малінай, рапсам. Меданосная база мае вялікае значэнне для багатага медазбору. Таму леснікі сеюць яшчэ і фацэлію, іншыя травы.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: