У Год лясных культур стаўка на якасць работ

 У Год лясных культур стаўка на якасць работ

Вести с мест

Алена КАРПУШЭНКА
29.04.2021 Версия для печати

Шумілінскі лясгас правёў выязны семінар-нараду на базе Обальскага доследна-вытворчага лясніцтва. На мерапрыемства былі запрошаны ляснічыя, памочнікі ляснічых і майстры лесу.
«2021 год Міністэрствам лясной гаспадаркі аб’яўлены Годам лясных культур, — адзначыў на адкрыцці семінара дырэктар лясгаса Аляксандр Лабынцаў. — Работнікі лясной гаспадаркі павінны пільную ўвагу ўдзяліць пытанням лесааднаўлення і лесаразвядзення, якаснага правядзення работ па лесакультурнай вытворчасці, супрацьпажарных работ, засведчання месцаў высечак. Улічваючы, што сярод удзельнікаў прысутнічае шмат маладых спецыялістаў, семінар павінен стаць свайго роду ўзаемавыгадным дыялогам, вучобай, калі дэталёва будуць разабраны ўсе вытворчыя тонкасці і нюансы».
 Семінар-нарада прадугледжваў наведванне аб’ектаў, на якіх падрабязна разглядалі тэхналогіі вытворчасці і спецыфіку выканання работ. Першым стаў пункт супрацьпажарнага інвентару, які ёсць у кожным лясніцтве. З пачатку пажаранебяспечнага сезона леснікі ў поўнай баявой гатоўнасці, для гэтага ў іх ёсць усё неабходнае: спецыяльны аўтамабіль, поўны камплект супрацьпажарнага інвентару, абмундзіравання і абсталявання. На тэрыторыі лясніцтва знаходзіцца пажарны вадаём.
Пасля ўдзельнікі семінара-нарады адправіліся ў лес, пабывалі на дзвюх лесасеках. З правіламі правядзення засведчання лесасек, алгарытмам арганізацыі работ і афармленнем неабходнай дакументацыі пазнаёміла начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення лясгаса Галіна Міглан. Шмат каментарыяў рабіў і адказваў на пытанні і дырэктар лясгаса Аляксандр Лабынцаў. Слушныя парады маладым калегам давалі вопытныя ляснічыя Сяргей Сцепанец і Андрэй Калдуноў.
На наступным аб’екце закранулі тэму лесааднаўлення, падрыхтоўкі глебы пад пасадку лясных культур пасля распрацоўкі дзялянкі. Што такое праект лясных культур і тэхпрыёмка, якім пародам аддаваць перавагу, як ажыццяўляць догляд за ляснымі культурамі і дабівацца высокага працэнта прыжывальнасці, расказала інжынер па лесакарыстанні Кацярына Шараварава.
 На апошнім аб’екце прысутных чакала практычнае мерапрыемства па супрацьпажарнай тэматыцы. Работнікі Обальскага лясніцтва прадэманстравалі ўдзельнікам семінара-нарады тактыку і спосабы тушэння пажараў, як можна прыстасоўваць сучасныя мотапомпы для тушэння лясоў, выкарыстоўваць у якасці крыніцы вады бліжэйшыя ручаі, робячы на іх своеасаблівыя загараджальныя дамбы.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: