Ці патрэбны сёння аскетызм?

Ці патрэбны сёння аскетызм?

Земное и небесное

А. Віталій САПЕГА ОР
25.05.2017 Версия для печати

Напэўна, кожны хрысціянін чуў такое слова, як аскетызм. Але калі і чуў, то ці ўяўляе сабе добра, што яно азначае? У кагосьці з нас гэтае слова можа атаясамлівацца з такімі вобразамі, як валасяніца з конскага воласу, жалезныя ланцугі, бічаванне (дарэчы, гэты тып аскетычнага практыкавання ўжываўся яшчэ да Другога Ватыканскага сабору), нач­ныя малітоўныя чуванні, абмежаванне ў ежы, пітве альбо цяпле (хто чытаў біяграфію Айца Піа, ведае, праз якія цяжкія выпрабаванні трэба было прайсці святому ў пачатку свайго манаскага жыцця).

Варта ўзгадаць, што ўжо на самым пачатку існавання манаскага жыцця немагчыма было ўявіць сабе гэтага новага спосабу жыцця дзеля Хрыста без ужывання розных аскетычных практык. Некаторыя з першых манахаў свае келлі ўладкоўвалі ў скальных пячорах, напрыклад на Гары Спакусаў ва Іўдзейскай пустыні, некаторыя — у пячорах зямельных, напрыклад у добра нам вядомай Кіева-Пячорскай лаўры, іншыя манахі сяліліся на камянях-слупах, знаходзячыся тым самым увесь час пад адкрытым небам, а хтосьці нават, з дазволу настаяцеля, быў літаральна замураваны ў кляштарных сценах. Не трэба, можа, тут распісваць, якія суровыя пасты і пакуты прымянялі яны на працягу свайго манаскага жыцця. Для нас, сучасных людзей, гэта гучыць як штосьці незвычайнае і мала падобнае да праўды. А калі гэта і праўда, то выглядае вельмі жудасна і дзіка. Для нас гэта здаецца чымсьці непрымальным, але варта ўсё ж такі ўлічваць тагачасны кантэкст.

Трэба заўважыць, што ў іншых рэлігіях таксама прысутнічаюць свое­асаблівыя аскетычныя элементы. Немагчыма, напрыклад, у будызме дасягнуць стану прасвятлення і вызвалення без адмысловых трэніровак. Аскетычныя практыкаванні прысутнічаюць і ў ісламе. У кальвінізме само жыццё вызначалася строгімі аскетычнымі прынцыпамі — без забаў, танцаў, музыкі. Аскетызм практыкаваўся і сярод іўдзеяў. Некаторыя з даследчыкаў, напрыклад, сцвярджаюць, што Ян Хрысціцель на самай справе належаў да секты эсеяў, для якіх аскетычныя трэніроўкі былі штодзённай нормай.

Само слова «аскеза» мае грэчаскія карані («askesis») і перакладаецца як практыкаванне, трэніроўка. Сэнс у тым, што дзякуючы пэўным фізічным і духоўным намаганням чалавек з часам умацоўваў сваё цела, дух, волю, адварочваўся ад сваіх грэшных схільнасцей, набліжаючыся тым самым да Бога. Некаторыя з духоўных кіраўнікоў вучаць, што пасля добра дастасаваных аскетычных трэніровак пачынаецца новы этап у жыцці веруючага, этап містычнага жыцця, калі чалавек уваходзіць у больш цесны кантакт з Богам.

Калі аскетызм іграе такую важную ролю ў жыцці хрысціяніна, чаму гэтая такая важная практыка пачынае пакрысе выміраць? Павел Еўдакімаў, праваслаўны тэолаг, лічыць, што тыя метады аскетычнага практыкавання, якія ўжывалі нашы папярэднікі-хрысціяне, нам, сучасным, больш залежным ад цывілізацыі людзям, ужо не зусім адпавядаюць.

Аналізуючы сённяшні свет, Павел Еўдакімаў прапануе перш-наперш узяць пад увагу кіпучасць чалавечага штодзённага жыцця, у якім вельмі шмат мітусні, спешнасці, гоману. Варта таксама не забывацца пра сродкі, якія з усіх бакоў атакуюць чалавечы мозг, — паўсюдная рэклама, а таксама тэлебачанне, Інтэрнэт, сотавыя тэлефоны. Таму ўжо сучаснай аскетычнай практыкай для Паўла Еўдакімава была б здоль­насць для чалавека вырывацца са звышактыўнасці жыцця і знаходзіць час для цішыні, асабістай малітвы, разважання над Божым словам альбо праўдамі веры, а таксама знайсці час на сустрэчу з іншым чалавекам. На мой погляд, сённяшняй аскетычнай практыкай таксама было б сумленнае, згоднае са сваім прызваннем выкананне сваіх штодзённых абавязкаў. А клопат пра адпачынак, крэатыўны і творчы, які хоць і не назавеш аскетычнай практыкай, павінен стаць сродкам, каб уводзіць пэўную раўнавагу ў нашае штодзённае жыццё.

Таму, як бачым, аскетызм па-ранейшаму мае сваю вагу ў духоўным жыцці, а тэрапія маўчання, малітвы, добрага адпачынку спрыяе атмасферы любові і добрасумленнага хрысціянскага жыцця ў сённяшнім, такім неспакойным свеце.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: