Ці гатовы сучасныя маладыя спецыялісты мяняць камфорт на лясныя сцежкі, шум дрэў і клопат пра лясное багацце нашай краіны? Каб адказаць на гэтае пытанне, мы накіраваліся ў Ашмянскае і Граўжышкаўскае лясніцтвы Смаргонскага вопытнага лясгаса, дзе пазнаёміліся з маладымі спецыялістамі, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях.

«Лес натхняе да творчасці»

Яна Ліпніцкая і Кацярына Корсак працуюць майстрамі лесу ў Граўжышкаўскім лясніцтве з 2024 года. За гэты час дзяўчаты атрымалі каштоўны вопыт і змаглі рэалізаваць свае веды на практыцы. Абедзьве дзяўчыны родам з Вілейкі. Калі вучыліся ў школе, і падумаць не маглі, што працаваць ім давядзецца на Ашмяншчыне.

Пасля яе заканчэння кожная выбрала свой шлях самастойна. Для навучання выпускніцы абралі Полацкі дзяржаўны лясны каледж. Даведаўшыся аб тым, што цяпер давядзецца вучыцца разам, Яна і Кацярына ўзрадаваліся. Далей дзяўчат чакалі сумесныя практыкі, заняткі і новыя веды. На першым курсе лясная галіна падавалася надта складанай для дзвюх дзяўчат, але на працягу першых месяцаў сумненні адышлі на другі план, а навучэнкі ўліліся ў вучэбны працэс. Дапамагала і тое, што яны былі разам, падтрымлівалі адна адну. Працаваць хацелі таксама ў адной арганізацыі. Так і атрымалася. Для майстроў знайшліся месцы ў Ашмянскім лясніцтве, дзе іх з цеплынёй прыняў новы калектыў. Старэйшыя калегі дапамагалі рабіць першыя крокі ў новую дзейнасць.

Яна Ліпніцкая — асоба творчая. Дзяўчына цікавіцца выяўленчым мастацтвам, лепіць з гліны, займаецца спортам і рэалізуе ўласныя здольнасці ў дызайне. Гэта шматграннасць дапамагае ёй развівацца і расці ў розных кірунках.

— Лес натхняе да творчасці, дорыць прыгажосць. Праўда, знаходзячыся на працы, на яго глядзіш як прафесіянал. А ў вольны час гэтыя моманты адыходзяць на другі план, можна проста любавацца прыгажосцю ляснога багацця, дыхаць свежым паветрам, — расказвае дзяўчына.

Яе калега Кацярына больш стрыманая і дакладная. На яе прафесійны выбар паўплывала прафарыентацыйная сустрэча ў выпускным класе. Пасля заканчэння мерапрыемства будучая выпускніца дакладна ведала, што сваё жыццё звяжа менавіта са сферай лясной гаспадаркі. Да таго ж і навучальная ўстанова знаходзілася далёка ад дому — у гістарычным Полацку. Дзяўчына хацела паспрабаваць на смак самастойнага жыцця, навучыцца вырашаць бытавыя пытанні, стаць больш адказнай. І за гады навучання атрымалася дасягнуць пастаўленай мэты. Сёння яна — дасведчаны спецыяліст, вырашае надзённыя пытанні.

— Мы працуем як непасрэдна ў лесе, так і ў кабінеце. Гэта змена дзейнасці дапамагае захоўваць цікавасць да працы і не стамляцца. Аднолькава люблю і працаваць у лесе, і займацца запаўненнем дакументаў. Разумею, што і першае, і другое — важныя і патрэбныя.

Выбіраючы сэрцам

Памочнік ляснічага Граўжышкаўскага лясніцтва Вікторыя Корсак доўга вагалася, выбіраючы далейшы шлях. Перад ёй было безліч сцежак, сярод якіх патрэбна было выбраць адну. Яна не раз гартала сайты навучальных устаноў. Кожная прафесія падавалася патрэбнай, але сэрца не магло зрабіць выбар. Аднойчы выпускніца разам з класам паехала на турыстычны злёт. У самы разгар мерапрыемства ёй патэлефанавала мама і спытала: «Віка, а ты не хочаш паспрабаваць свае сілы ў галіне лясной гаспадаркі?» Дзяўчына задумалася. На той момант яна амаль нічога не ведала пра гэту галіну. Першае, што зрабіла, склала пошукавы запыт у інтэрнэце. І тут перад яе вачыма паўсталі фотаздымкі з лесу. Прырода, тэхніка і людзі ў зялёнай форме — усё гэта ў адзін момант захапіла Вікторыю. Яна зразумела, што на гэтым пошукі спыняюцца.

Нарадзілася і вырасла дзяўчына на Вілейшчыне — у невялікім аграгарадку Нарач. А працаваць давялося ў Граўжышкоўскім лясніцтве. Калектыў з цеплынёй прыняў маладога спецыяліста. А яна з першых дзён паказала, што неабходныя веды, уменні і навыкі ёсць. На дасягнутым дзяўчына вырашыла не спыняцца і нядаўна паступіла на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на спецыяльнасць «інжынер лясной гаспадаркі». Дарэчы, Вікторыя ўжо стала прыкладам для малодшай сястры, якая паступіла ў БДТУ на той жа факультэт. І нават малодшы брат, які яшчэ вучыцца ў школе, разглядае сферу лясной гаспадаркі.

У вольны ад працы час дзяўчына падарожнічае, вывучаючы новыя мясціны і ўзбагачаючыся станоўчымі ўражаннямі. Яна сцвярджае, што праца ў лесе — гэта цудоўная магчымасць быць штодня на свежым паветры, дакранаючыся да вялікай справы.

Марта БАГДАНОВІЧ
Фота аўтара

Cookies preferences

✕

Others

Other uncategorized cookies are those that are being analyzed and have not been classified into a category as yet.

Necessary

Necessary
Necessary cookies are absolutely essential for the website to function properly. These cookies ensure basic functionalities and security features of the website, anonymously.

Advertisement

Necessary
Advertisement cookies are used to provide visitors with relevant ads and marketing campaigns. These cookies track visitors across websites and collect information to provide customized ads.

Analytics

Analytical cookies are used to understand how visitors interact with the website. These cookies help provide information on metrics the number of visitors, bounce rate, traffic source, etc.

Functional

Functional cookies help to perform certain functionalities like sharing the content of the website on social media platforms, collect feedbacks, and other third-party features.

Performance

Performance cookies are used to understand and analyze the key performance indexes of the website which helps in delivering a better user experience for the visitors.