У Дубаўлянскай сярэдняй школе Мінскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё новага эколага-адукацыйнага комплексу пад адкрытым небам. Праект, створаны спецыялістамі Бараўлянскага спецлясгасу, аб’яднаў у сабе тэматычную экасцежку і ўнікальны вучэбны клас і стаў першым такім у Мінскім раёне. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўніцтва Мінскага ДВЛГА, Бараўлянскага спецлясгасу і Мінскага райвыканкама.

Новы фармат навучання

Экалагічная сцежка на тэрыторыі школы была адкрыта яшчэ год таму, але да нядаўняга часу яна не мела завершанага тэматычнага напаўнення. Літаральна за месяц спецыялістамі Бараўлянскага спецлясгасу была праведзена маштабная работа, вынікам якой сталі 19 дэманстрацыйных стэндаў, што з’явіліся ўздоўж сцежкі. Яны знаёмяць наведвальнікаў з правіламі паводзін у лесе, разнастайнасцю беларускіх дрэваў, лясных жывёл, птушак і насякомых, відамі грыбоў. Асаблівае месца ў экспазіцыі займае спецыялізаваны стэнд, прысвечаны праблеме забру­джвання наваколля. На ім наглядна дэманструюць, колькі гадоў патрабуецца для раскладання розных відаў смецця, якое людзі безадказна пакідаюць у лясных масівах.

Галоўнай разынкай і гонарам новага комплексу стаў клас пад адкрытым небам, разлічаны на 30 навучэнцаў. Пляцоўка абсталявана ўсім неабходным для адукацыйнага працэсу: тут размясціліся 15 вучэбных сталоў і працоўнае месца для настаўніка.

— Першыя заняткі ў класе пад адкрытым небам карыстаюцца папулярнасцю ў настаўнікаў і вучняў, — адзначае дырэктар Дубаўлянскай СШ Віктар Асовік. — Пакуль надвор’е радуе нас сонечнымі дзянькамі, тут праходзяць паўнавартасныя ўрокі біялогіі, хіміі, геаграфіі, класныя і інфармацыйныя гадзіны.

Юныя захавальнікі лесу

Важным крокам у экалагічным выхаванні падрастаючага пакалення стала адкрыццё на базе школы ў верасні 2026 года школьнага лясніцтва «Дуброва», у якое ўвайшлі вучні 3 «А» і 6 «А» класаў.

Менавіта юныя лесаводы правялі першую экскурсію па новай экасцежцы для ганаровых гасцей свята, а пасля завяршэння афіцыйнай часткі мерапрыемства разам з вопытнымі калегамі з Мінскага ДВЛГА і Бараўлянскага спецлясгасу высадзілі абапал экалагічнага класа маладыя туі, якія ўпрыгожылі гэтае месца.

Дарэчы, у абавязкі юных лесаводаў уваходзіць не толькі правядзенне экскурсій на экасцежцы, але і рэгулярны ўдзел у пасадках лесу, добраўпарадкаванне тэрыторый і сумесныя праекты з Бараўлянскім спецлясгасам. Так, зусім нядаўна адбыўся тэматычны конкурс экалагічных малюнкаў. Лепшыя творчыя работы вучняў былі адзначаны кіраўніцтвам Бараўлянскага спецлясгасу, а цяпер экспануюцца на спецыяльнай выставе ў яго адміністрацыйным будынку.

Спецыялісты лясной гаспадаркі ў сваю чаргу — частыя госці на школьных занятках. Яны вучаць дзяцей правілам догляду за зялёнымі культурамі, тлумачаць лясныя законы і выхоўваюць культуру беражлівых адносін да прыроды.

Дырэктар Бараўлянскага спецлясгасу Аляксандр Мірановіч упэўнены, што стварэнне падобных навучальных праектаў — доўгатэрміновая інвестыцыя ў будучыню лясной гаспадаркі, дзе сёння назіраецца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, таму лясгас імкнецца зацікавіць будучых спецыялістаў як мага раней:

— Усе без выключэння лясгасы імкнуцца зацікавіць, далучыць дзяцей да лясной гаспадаркі, паказаць значнасць і прыгажосць нашай галіны. Працуючы са школай, мы ствараем умовы, каб дзеці захацелі працаваць у лясной гаспадарцы, імкнуліся захоўваць і памнажаць прыродныя багацці краіны. І ў далейшым многія звязваюць свой жыццёвы шлях з лясной гаспадаркай, паступаюць у профільныя навучальныя ўстановы і вяртаюцца шчыраваць у той лясгас, які прывіў ім любоў да прыроды, паказаў асновы.

Гэтая прафарыентацыйная работа мае свае вынікі: сёлета Бараўлянскім спецлясгасам было выдадзена 5 мэтавых накіраванняў для паступлення ў профільныя сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны, а ў наступным годзе ў спецлясгас прыйдуць на першае працоўнае месца мэтавікі мінулых гадоў.

— Гэта не выпадковыя людзі, — заўважае Аляксандр Віктаравіч. — Яны сапраўды зацікаўлены ў працы ў лясной гаспадарцы. У свой вольны час, на канікулах яны наведваюць наш лясгас, працуюць нараўне з нашымі лесаводамі, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці ўстановы, у рэйдавых прафілактычных мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах. Гэта наша будучыня.

На сённяшні дзень Бараўлянскі спецлясгас паспяхова развівае школьныя лясніцтвы ў Дубаўлянскай СШ і сталічнай СШ № 35 імя Героя Савецкага Саюза Д. Азізава.

Сяргей СТОЛЯР 
Фота аўтара

Cookies preferences

✕

Others

Other uncategorized cookies are those that are being analyzed and have not been classified into a category as yet.

Necessary

Necessary
Necessary cookies are absolutely essential for the website to function properly. These cookies ensure basic functionalities and security features of the website, anonymously.

Advertisement

Necessary
Advertisement cookies are used to provide visitors with relevant ads and marketing campaigns. These cookies track visitors across websites and collect information to provide customized ads.

Analytics

Analytical cookies are used to understand how visitors interact with the website. These cookies help provide information on metrics the number of visitors, bounce rate, traffic source, etc.

Functional

Functional cookies help to perform certain functionalities like sharing the content of the website on social media platforms, collect feedbacks, and other third-party features.

Performance

Performance cookies are used to understand and analyze the key performance indexes of the website which helps in delivering a better user experience for the visitors.